Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка загадаў пабудаваць 400-мэтровую вежу ў Менску за 2 гады


Ігар Карней, Менск У той час як маскоўскую тэлевежу будавалі 4,5 году, а вежы ў Таронта і Шанхаі — тры. У часе нарады з кіраўнікамі нацыянальных каналаў Аляксандар Лукашэнка загадаў цягам двух гадоў пабудаваць у цэнтры Менску тэлевежу, адну з самых высокіх у сьвеце. У якасьці асноўнага разглядаецца праект архітэктара Віктара Крамарэнкі, які вядомы тым, што стварыў аблічча Нацыянальнай бібліятэкі. Дзеля будаўніцтва тэлевежы мяркуецца выдаткаваць пляцоўку ля сталічнага комплексу “БелЭкспа”.

Саступаць менская тэлевежа будзе толькі аналягічным збудаваньням у Таронта, Астанкінскай тэлевежы ў Маскве і “Ўсходняй пэрліне” ў Шанхаі: плянуецца, што яе вышыня складзе 425–430 мэтраў. Пачаць узводзіць вежу меркавалася ўжо сёлета, аднак, як апавёў архітэктар Віктар Крамарэнка, стартавым для будоўлі годам вызначаны 2007 — натуральна, калі тэрміны не адкарэктуе А.Лукашэнка, які сказаў, што возьме аб’ект пад свой кантроль.

(Крамарэнка: ) “Прынятае рашэньне ў выніку шэрагу ўрадавых разглядаў гэтай праблемы: далейшыя пляны па тэлевежы адкладзеныя на 2007 год. Гэта той год, калі зьявяцца сродкі. І мы, у сваю чаргу, чакаем”.

Тэндэр на праект тэлевежы быў абвешчаны яшчэ ў 1998 годзе. Праектныя калектывы з 10 краінаў даслалі ў Беларусь свае працы, але экспэртная камісія аддала перавагу архітэктару Крамарэнку, у актыве якога стэла “Горад-герой Мінск”, менскі чыгуначны вакзал і Нацыянальная бібліятэка. Летась спадар Крамарэнка ў складзе дэлегацыі Міністэрства сувязі ўжо езьдзіў у расейскі спэцыялізаваны праектны інстытут сродкаў сувязі, дзе адбыліся перамовы ў справе праектаваньня і будаўніцтва вежы. На пытаньне: ці рэальна збудаваць тэлевежу за акрэсьленыя Лукашэнкам два гады? — спадар Крамарэнка адказаць ня змог: маўляў, усё будзе залежаць ад фінансаваньня і самаадданасьці будаўнікоў.

Між тым, досьвед сьведчыць, што такіх аўральных будоўляў у сьвеце не было, а знакамітую Астанкінскую вежу, на якую арыентуецца беларусы, будавалі 4,5 году. Пакуль таямніца і тое, колькі будзе каштаваць будоўля. Калі ўлічыць, што кошт Нацыянальнай бібліятэкі ад пачатковай сумы 120 мільёнаў даляраў ужо некалькі разоў карэктаваўся, то стартавую цану 100 мільёнаў даляраў на тэлевежу наўрад ці можна лічыць канчатковай.

Ці мэтазгодная тэлевежа ў Беларусі? Гэта пытаньне спрэчнае. Інфармацыйныя тэхналёгіі разьвіваюцца так, што перадача сыгналу з максымальнай вышыні не патрабуецца. Спадарожнікавае тэлебачаньне, кабэльнае, інтэрнэт-індустрыя — усё гэта мае на ўвазе іншыя спосабы дастаўкі сыгналу. Архітэктар Лявонці Зданевіч лічыць, што падобныя будоўлі перасьледуюць зусім іншыя мэты — на ўвесь сьвет заявіць пра веліч беларускай дзяржавы.

(Зданевіч: ) “Каб пракансультавацца наконт мэтазгоднасьці, прафэсійнай адпаведнасьці — дык гэтага няма. Усё ўхваляецца людзьмі, якія лічаць сябе прафэсіяналамі ва ўсіх галінах. А паўплываць на гэта мы ня можам, таму што гэта палітыка. На палітыку ў нас ужо ніхто ня можа ўплываць, бо ёсьць пастанова: прыватныя структуры не дапушчаць да праектаваньняў зь бюджэтным фінансаваньнем. Гэта парушэньне Канстытуцыі, але гэта так”.

Апроч усяго, адмыслоўцы варожаць, ці не паўплывае на тэрміны будаўніцтва магчымы сыход з пасады міністра сувязі Ўладзімера Ганчарэнкі: ёсьць зьвесткі, што 63-гадовага чыноўніка зьбіраюцца адправіць на пэнсію. Аднак менавіта Ганчарэнка ад 1998 году вядзе ўсе перамовы, якія тычацца будаўніцтва менскай тэлевежы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG