Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вельмі хочацца дачакацца часу, калі беларускае тэлебачаньне стане і беларускім, і высокапрафэсійным”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 16 лютага 2005 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадарыня: ) “Ужо ня першы дзень чую ўзьнёслыя словы з экранаў дзяржаўнага БТ, адрасаваныя салдатам-аўганцам, як іх шануюць, паважаюць, узнагароджваюць. Што ж, гэта добра, можа і правільна. Ды правільна ня ўсё.

Я вельмі спадзяюся, што Свабода перадасьць мой званок. Жыве ў вёсцы Заазерцы Шаркоўшчынскага раёну салдат-аўганец Лагон Франс Іосіфавіч. Яшчэ малады чалавек, але ён не жыве, ён існуе: п’е, нідзе не працуе, ужо ня раз трапляўся на крадзяжах, апусьціўся да ўзроўню бамжа. Я вельмі спадзяюся, што пачуюць гэты званок прадстаўнікі аб’яднаньня аўганцаў, прадстаўнікі ўладаў. Так, ён і сам вінаваты ў тым, як жыве, але аўганскі псыхалягічны сындром рэч рэальная. Пакуль жыла маці, яна як магла старалася ўратаваць сына. Зараз ён коціцца ўсё ніжэй і ніжэй. Дзе ж вы, сябры-аднапалчане? Яму патрэбна неардынараная дапамога, патрэбнае сур’ёзнае лячэньне, патрэбная падтрымка сяброў-аднадумцаў. І найлепшым сюжэтам стаў бы расповед пра тое, як чалавека вярнулі да нармальнага жыцьця, а не агульныя размовы пра пашану на ўсіх наогул. Упэўненая, што ён не адзін такі, іх многа, ім патрэбна канкрэтная рэальная дапамога”.

(Слухач: ) “Нашае тэлебачаньне зь вялікай нацяжкай можна назваць беларускім, хіба толькі па тэрытарыяльнай прыкмеце. Згадваю часы, калі на БТ працавалі прафэсіяналы, як, напрыклад, Зінаіда Міхайлаўна Бандарэнка. Ня мова, а музыка гучала зь яе вуснаў. Прыгожая, насычаная, чыстая! Зараз жа складаецца ўражаньне, што пра культуру мовы на БТ і ня чулі, і ня толькі беларускай, але і рускай. Крыху лепш глядзяцца перадачы “Падарожжа дылетанта” і “Тэлебаромэтр”, астатнія – калгасны ўзровень. Але асабліва выдзяляюцца так званыя ідэалягічныя перадачы, накшталт “Особого мнения” Шынкара. Недапрацаваныя, зь непрыкрытай хлусьнёй, непераканаўчыя, карацей – “нуль” па дзесяцібальнай сыстэме.

Сапраўдныя прафэсіяналы спачатку вывучаюць культуру мовы, а то як чуеш пра “светла-серыя вочы” – сьмешна робіцца, дый іншых выразаў многа заўважаеш. Потым вывучаюць Карнэгі, каб навучыцца так зацікавіць, нават загіпнатызаваць слухача, што той і падвоху не заўважыць. Вельмі хочацца дачакацца часу, калі беларускае тэлебачаньне стане і беларускім, і высокапрафэсійным”.

(Тацяна Іванаўна: ) “Я не палітык, я інвалід 2-й групы Тацяна Іванаўна з Жодзіна. Я зьвяртаюся да вас, паважаны прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь. Канстытуцыйныя правы маёй сям’і парушаны! Гадамі цягнецца цяжба паміж мясцовымі ўладамі і нашай сям’ёй інвалідаў.

Я зьвярнулася ў Вярхоўны суд з нагляднай жалобай, заплаціла дзяржаўную пошліну, але суд не разглядаў па закону маю жалобу. Трэцяга студзеня была на запіс да старшыні Вярхоўнага суду, але мне было адмоўлена ў канцылярыі запісу. То бок, я ня маю права на жыцьцё. Я інвалід, мне патрэбныя грошы, зь мяне вылічваюць кожны месяц беззаконна. Сёньня бачыла перадачу, у якой распавядалі, што будуюцца суды, памяшканьні будуюцца, а нашыя правы не абараняюцца! Мяне пазбавілі ўсіх сродкаў на жыцьцё. Раней, у 1990-м годзе я згубіла ўсё: мужа, звольнілі сына. Як мне жыць далей, паважаны прэзыдэнт? Я зьвяртаюся да вашай адміністрацыі, а мяне адпраўляюць у суд. Але суд маю справу не разглядае. Дзякуй вам, паважаная радыёстанцыя”.

(Аляксандар, Ліда: ) “На нашым беларускім радыё вельмі часта, кожны вечар, гучаць перадачы пра тое, якая была пасьпяховая альбо непасьпяховая Вялікая Айчынная вайна, які гераічны наогул гэта быў час. Але чамусьці ніхто да гэтага часу ні у воднай праграме не сказаў і не выказаў думку пра тое, чаму нашы “побеждённые помогают победителям”. Чаму мы, калі атрымалі перамогу ў гэтай вайне, чаму тыя, каго мы перамаглі, дапамагаюць сёньня нам? І чаму яны, тыя, каго мы адолелі ў гэтай вайне, жывуць лепш, чым сёньня мы, пераможцы гэтай вайны? Ніхто чамусьці не задае гэтыя пытаньні і наўрад ці гэта будзе.

Але, ведаеце, даволі крыўдна за тое, што прайшло 60 год, а мы да гэтага часу жывем няведама як. І справа тут наогул ня ў тым, што разваліўся Савецкі Саюз, нават пры ім мы жылі ня лепш – было, магчыма, трохі болей стабільнасьці, але жылі мы таксама дрэнна. На жаль, сёньня за ўсёй гэтай справай проста хаваецца праўда, хаваецца тая рэчаіснасьць, якой мы сёньня жывём і шмат што ня хочам бачыць”.

(Слухач: ) “Шаноўнае Радыё Свабода! Я тэлефаную вам з г. Нароўлі Гомельскай вобласьці. Вельмі цяжка слухаць нашае любімае радыё апошнім часам. Раней магчыма было праслухоўваць на хвалях 1 188 kHz, цяпер гэтая радыёстанцыя не працуе. А на хвалях 612 kHz вельмі цяжка праслухоўваць. Гэта ўсё аб чым я хацеў вам паведаміць. Жыве Беларусь!”

(Спадар: ) “Добры вечар! Хачу спытаць, чаму Лукашук зараз не працуе?”

(Яцкевіч Аляксандар Анатольевіч, Віцебск: ) “Мне хочацца сустрэцца з вашым карэспандэнтам Браніславай Станкевіч, паказаць, як скалечылі майго сына кат зь Менску Сасіткоў В.П., які працуе плястычным хірургам па вул. Багдановіча, 53 у Менску; паказаць, як дацэнт Руман і дацэнт Коршык абараняюць яго. У мяне такое ўражаньне, што выразалі кусок вуха і закансэрвавалі яго недзе. Зараз вуха прымае самую жахлівую форму. Бязь сьлёз немагчыма глядзець на хлапчука. Вельмі хацелася б сустрэцца з Браніславай Станкевіч!”

(Спадар: ) “Паважанае Радыё Свабода! Падзялюся сваім бачаньнем падзеяў на акупаванай Беларусі ў 1941-1944 гг. У савецкай літаратуры партызаны паказаныя як абаронцы людзей ад фашыстаў, а ўсе паліцаі – як здраднікі. Лічу, што гэта вельмі спрошчаны падыход па прынцыпу: чырвоныя – белыя. Асноўныя падзеі, якія засталася ў памяці падлетка – гэта вёска Вірка, Крычаўскі раён, Магілёўская вобласьць. Нямецка-паліцэйскі гарнізон арганізаваны ў вёсцы восеньню 1941 году, а ў верасьні гэтага году партызаны забілі на тэрыторыі гэтага раёна першага немца. Курэй і сьвіней у вёсцы забралі паліцэйскія, а большасьць кароў – партызаны. Ратуючыся ад угону ў Нямеччыну частка моладзі падалася ў лес да партызанаў. Баючыся масавасьці, немцы цераз партызанскую сувязную перадалі партызанам сьпіс мужчын, якія, быццам бы зьбіраліся пайсьці ў паліцыю. Партызаны схапілі гэтых шэсьць мужчын, зьдзекваліся зь іх, выразалі геніталіі, расстралялі іх па-энкавэдысцку ў патыліцу, як і ў Курапатах.

Летам 1944 году гарнізон выехаў у Бабруйск, ноччу наскочылі партызаны, учынілі страляніну, спалілі школу-дзесяцігодку і некалькі хатаў вякоўцаў. Запомнілася добра, як вяскоўцы ткалі на кроснах тканіну зь лёну, адбельвалі яе каля рэчкі і гаварылі, што гэта для перавязкі партызанскіх ран. Зімой 1943-1944 гадоў немцы двойчы хацелі спаліць вяскоўцаў. Але вёска вельмі вялікая, болей 300 двароў. І першы раз змаглі сагнаць…”

(Спадар: ) “Хачу выказаць сваё меркаваньне ў адносінах да былога дэпутата Фралова. Вы воляй-няволяй завышаеце яго статус. Генэрал Фралоў – так вы яго маглі называць, калі б ён на цяперашні момант служыў у дзейных узброеных сілах. Цяпер гэта вайсковы пэнсіянэр, і называць яго трэба альбо ваенны пэнсіянэр Фралоў ці генэрал-маёр у адстаўцы ці запасе.

І другое. Калі Фралоў праводзіў галадоўку, ён плакаўся, што не атрымаў заробку за час галадоўкі, што яму няма на што купляць лекі. А цяпер, калі яго аштрафавалі за заклік на несанкцыянаваны мітынг, ён кажа, што трэба яму зьбіраць бутэлькі. Але сорамна генэралу плакацца. Запытайце, колькі ў генэрала пэнсія! Я думаю, што мінімум 350 даляраў ЗША. Гэта вельмі шмат! Хопіць яму і на лекі, і на бутэлькі, і штраф заплаціць!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG