Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чым адрозьніваюцца менскія рэвізоры ад кантралёраў?


Сьвятлана Курс, Менск У менскім грамадзкім транспарце заміж кантралёраў зьявіліся рэвізоры – людзі ў сініх жылетках з адмысловым бэйджам. Чым будуць адрозьнівацца іхныя функцыі і што пагражае “зайцам”?

Чым будуць адрозьнівацца рэвізоры ад кантралёраў? Бадай, нічым, апрача таго, што ўсе будуць у фірмовых сініх камізэльках з галяграмным бэйджам, на якім напісанае імя, асабісты нумар рэвізора і зьмешчаны ягоны здымак. Гэта азначае, што махлярам будзе цяжэй падрабіцца пад рэвізора і назьбіраць “заечых грошай”.

Начальнік службы кантролю дзяржаўнага прадпрыемства “Менсктранс” Анатоль Дземідовіч кажа: як бы ні апраналіся правяральнікі, а штрафы ўсё ж давядзецца плаціць.

(Дземідовіч: ) “Цяпер у рэвізораў ёсьць форма, зацьверджаная гендырэктарам нашага аб’яднаньня – сіняга колеру, зь неабходнай атрыбутыкай на тых фартушках. А штрафы як плаціліся, гэтак і будуць плаціцца”.

Цяпер у Менску працуе недзе паўтары сотні правяральнікаў. Кантрольная служба адцяпер будзе звацца службаю сэрвісу – то бок, рэвізоры будуць больш увагі надаваць культуры дачыненьняў, сказаў сп. Дземідовіч. Апрача праверкі квіткоў, рэвізоры будуць кантраляваць стан транспарту і працу кіроўцаў.

Раней кантроль ажыцьцяўлялі групы па 7 чалавек зь міліцыяй і аўтобусам. Цяпер такія мабільныя брыгады зь міліцыяй будуць рэдкімі, абяцае сп. Дземідовіч. Будзе меней праверак і на канцавых прыпынках. З новымі парадкамі “зайца” папросяць заплаціць штраф адразу, а калі ён адмовіцца, складуць пратакол, паводле якога за 15 дзён чалавек абавязаны аплаціць штраф у адмысловай касе. Гэта можна зрабіць ва ўправе транспарту і сувязі Менгарвыканкаму на Ракаўскай, 38 або на Ўсходнім аўтавакзале. Калі ж чалавек адмовіцца плаціць і не прад’явіць пашпарту, рэвізоры маюць права здаць яго міліцыянтам для ўсталяваньня асобы. З тымі, хто і праз 15 дзён не аддасьць штрафу, транспартнікі будуць судзіцца.

Дарэчы, у іншых краінах штрафы высокія і непазьбежныя. Кантралёры ветліва, але няўмольна возьмуць з вас 20-60 даляраў у Варшаве, 60 даляраў у Нью-Ёрку, каля 30 даляраў у Празе – незалежна ад таго, хто спрабуе праехаць зайцам – бабулька, студэнт ці маладая дзяўчына. Нашы рэвізоры прызнаюцца, што літасьціва адпускаюць такіх зайцоў.

(Рэвізор: ) “Я 26 год тут працую. Пытаньні ўзьнікаюць толькі ў адпетых зайцоў. Кожны выкручваецца як можа, а ўжо гэты рэвізор паступае ў залежнасьці ад таго, ёкне ў яго ці ўздрыганецца штосьці”.

Часта кажуць, што зайцы робяць транспарт стратным. Але ў мэтро зайцоў быць ня можа, пры гэтым яно таксама стратнае. У чым тут справа? Вінаватыя ня толькі зайцы. 963 тысячаў менчукоў, то бок, палова жыхароў гораду, маюць ільготы на праезд. Зь іх 120 тысячаў – работнікі розных дзяржаўных установаў. Акурат год таму больш за 72% менчукоў, паводле апытаньня НДІ сацыяльна-эканамічных і палітычных праблемаў Менгарвыканкаму, выказаліся за скасаваньне праязных ільготаў для супрацоўнікаў сілавых структураў. Гэта дало б магчымасьць дадаткова атрымаць каля 3 млрд. рублёў.
XS
SM
MD
LG