Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наша Ніва”: магчыма, лёс прэзыдэнцкіх выбараў-2006 вырашыць кандыдатка ў першыя лэдзі?


Падрыхтавала Іна Студзінская Агляд незалежнага друку

“Курьер из Борисова” у матэрыяле “Надзея цаною ў 4 тысячы даляраў” распавядае сумную гісторыю інваліда Сяргея Ясюка, якому навасібірскія мэдыкі згадзіліся дапамагчы. Але ні адкрыць рахунак для дабрачынных ахвяраваньняў, ні атрымаць крэдыт на лячэньне нерухомы Сяргей ня можа.

Пад рубрыкай “Эксклюзіў” журналісты “Брестского курьера” распавядаюць пра музычныя здольнасьці берасьцейскіх чыноўнікаў, былых і дзейных. Аказваецца, губэрнатар вобласьці Канстанцін Сумар – заўзяты баяніст, былы губэрнатар Васіль Даўгалёў грае на гітары і выконвае песьні Высоцкага і Акуджавы, а Ўладзімер Заламай у духавым аркэстры ў войску дзьмуў у трубу.

“Вечерний Бобруйск” паведамляе пра тое, як па віне энэргетыкаў ЖЭСу адбыўся скачок напругі, у адной кватэры згарэў тэлевізар, у іншых сапсавалася бытавая тэхніка. Але жыхары здолелі дамагчыся, што страты будуць пакрытыя за кошт ЖЭСу.

“Народная воля” друкуе матэрыял “Крымінальныя грошы Аляксандра Андрона”.У суд перададзена справа былога кіраўніка фірмы “Белзьнешпрамсэрвіс” – буйнога беларускага апэратара на рынку ўзбраеньняў. “Народнай волі” сталі вядомыя некаторыя дэталі гэтай справы, напрыклад, пра падслухоўваньне перамоваў іранскай дэлегацыі пад час яе візыту ў Менск.

У бліжэйшы час свае пасады, магчыма, пакінуць міністар сувязі Ўладзімер Ганчарэнка і прэс-сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных, прагназуе газэта.

“Дом разьбітых лёсаў” – так называецца спэцыяльны рэпартаж “Народнай волі” з дома састарэлых для былых злачынцаў, якому тэрмінова неабходная дапамога.

Сьветлагорская газэта “Ранак плюс” распавядае пра чарговую ініцыятыву міжраённага пракурора: усталяваць камэры відэаназіраньня ў начных крамах і ў лесапаркавай зоне, дзе часьцяком адбываюцца крымінальныя разборкі. Вось толькі спонсара, каб падтрымаць гэтую ініцыятыву, пакуль не знаходзіцца.

“Комсомольская правда в Белоруссии” высьвятляла, куды беларусы едуць на заробкі. І даведалася пра трагічны лёс беларуса Валерыя Чарнавуса, які паехаў у Амэрыку зарабіць, але знайшоў там сваю пагібель.

Жонкі палітыкаў першага эшалёну аўтаматычна ператвараюцца ў публічных асобаў. Магчыма, лёс прэзыдэнцкіх выбараў-2006 вырашыць менавіта кандыдатка ў першыя лэдзі. У сёньняшняй “Нашай Ніве” апублікаваная фотагалерэя жонак папулярных беларускіх палітыкаў.
XS
SM
MD
LG