Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пашпарты беларусам ушыюць мікрачыпы, каб сачыць за іх месцазнаходжаньнем?


Ігар Карней, Менск Каб беларускія грамадзяне не зьнікалі з гарызонту, рыхтуецца маштабны праект “пазначэньня” ўсіх жыхароў краіны. Ужо створаная адмысловая група зь ліку навукоўцаў Нацыянальнай акадэміі навук, прадстаўнікоў прэзыдэнцкай адміністрацыі і МУС, якая распрацоўвае так званыя біямэтрычныя чыпы для нацыянальных пашпартоў. Сыстэматызаваны пакет прапановаў мусіць легчы на стол да кіраўніка краіны ў сакавіку. У выпадку, калі Лукашэнка праект ухваліць, ідэнтыфікацыйныя мікрачыпы пачнуць зьмяшчаць у пашпарты ўжо ад 2006 году. Што маюць на мэце падобныя новаўвядзеньні?

Незадоўга да свайго прызначэньня прадстаўніком прэзыдэнта ў Нацыянальным сходзе, прэзыдэнцкі дарадца Валерый Цапкала, адказны шмат за якія высокатэхналягічныя праекты (у прыватнасьці, за беларускі аналяг так званай “сіліконавай даліны”) у інтэрвію агенцтву БелТА патлумачыў, што біямэтрычны чып будзе зьмяшчаць, перадусім, інфармацыю пра канкрэтнага чалавека: колер вачэй, вага, рост і т.п. У ролі прэзыдэнцкага прадстаўніка Цапкала паспрыяе, каб дэпутаты ўхвалілі яшчэ і зьмяшчэньне туды адбіткаў пальцаў.

Мяркуецца, што спачатку чып будзе нагадваць блянк візы, а потым, калі справу паставяць на канвэер, чыпы будуць “ушываць” наўпрост у вокладку пашпарту. Адзін з супрацоўнікаў пашпартна-візавай службы МУС пацьвердзіў, што такая ідэя абмяркоўваецца ўжо даўно, і яе ажыцьцяўленьне не падаецца ўтапічнай.

(Супрацоўнік МУС: ) “Ідэя ёсьць, хоць гэта ідэя і ня наша.Справа гэта добрая. І калі яна канчаткова будзе ўхваленая, то замова будзе разьмешчаная ў Беларускім доме друку”.

На жаль, у згаданай друкарні размаўляць на гэтую тэму ня хочуць, хоць ад выгоднай замовы, як сказалі, натуральна, не адмовяцца.

Ідэя з мікрачыпамі абмяркоўваецца і ў Эўразьвязе, і ў ЗША. Праўда, што да Эўразьвязу, тут тэрміны пазначаныя 2007 годам. У шэрагу краінаў Эўразьвязу ідэя выкарыстаньня мікрачыпаў у пашпартах выклікае нямала спрэчак. Супраціўнікі такой ідэі спасылаюцца, перадусім, на тое, што тэхналёгіі дазволяць кантраляваць усе перасоўваньні грамадзянаў, чым парушыцца права недатыкальнасьці асобы і ўвогуле прыватнага жыцьця.

Што да Беларусі, то экспэрты сыходзяцца ў меркаваньні: падобныя захады ў краіне, дзе пагроза тэрарызму збольшага эфэмэрная, а транснацыянальная злачыннасьць ня мае вялікіх мэтаў – перабольшаныя, і нічога, апроч дадатковых выдаткаў, не пацягнуць.

Прычына часьцей за ўсё называецца іншая – жаданьне ўлады кантраляваць сваіх грамадзянаў. Менавіта гэты тэзіс апошнім часам неаднаразова агучваў і сам Лукашэнка: адразу загадаў абмежаваць выезд за мяжу дзяцей, потым ініцыяваў маштабныя праверкі мадэльных агенцтваў і бюро працаўладкаваньня... Сярод апошняга – загад турыстычным кампаніям паведамляць пра “невяртанцаў”. Кіраўнік Нацыянальнага агенцтву турызму Чэслаў Шульга кажа, што з чыпам у пашпарце чалавек сапраўды шмат разоў падумае – ці варта дзесьці хавацца?

(Шульга: ) “З чым зараз органы кантролю змагаюцца? Хтосьці едзе, але ня хоча афішаваць свой ад’езд. І просіць фірму захаваць інкогніта: маўляў, інфармацыю не разгалошвайце. Ад’ехаў, бо не хацеў, каб пра гэта ведалі. Бывае такое, з досьведу ведаю…”

Дарэчы, цяпер у Міністэрстве ўнутраных справаў варожаць, што будзе яшчэ з адной ідэяй, якую гэтаксама плянавалася рэалізаваць у 2006 годзе: гаворка пра ідэнтыфікацыйныя карткі, якія, на амэрыканскі манэр, мусілі замяніць пашпарты. Падобна, ад нечага давядзецца адмовіцца...
XS
SM
MD
LG