Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлады перакідваюць выбарцаў з аднаго участак на другі?


Сяргей Астраўцоў, Горадня 17 лютага адбудзецца паседжаньне 52-й Гарадзенскай Цэнтральнай акруговай выбарчай камісіі. Яна вызначыць, каго з шасьці прэтэндэнтаў зарэгістраваць у якасьці кандыдатаў на паўторных выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў, якія адбудуцца ў гэтай акрузе. Дакумэнты на рэгістрацыю падалі ініцыятыўныя групы гарадзенцаў Сяргея Антусевіча, Сяргея Маскевіча, Валерыя Міхно і Валерыя Фралова. Сярод прэтэндэнтаў таксама былы дэпутат Палаты з групы “Рэспубліка” Сяргей Скрабец і намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук.

Напачатку я скажу крыху пра гарадзенцаў. Генэрала Фралова нашым слухачам прадстаўляць, думаю, ня трэба. Адзінае — нагадаю, што кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў папярэднім складзе Палаты прадстаўнікоў адстаўны генэрал Валеры Фралоў па-ранейшаму жыве ў Горадні.

Сяргей Маскевіч — рэктар Гарадзенскага унівэрсытэту імя Янкі Купалы. На восеньскіх выбарах у 52-й акрузе балятаваўся супрацоўнік унівэрсытэту Валянцін Аскірка. Ён быў прадстаўніком апазыцыі, і начальства, мякка кажучы, не ўхваляла ягоны ўдзел у выбарчай кампаніі. Дарэчы, Аскірка набраў больш галасоў за прадстаўніцу ўладаў, але выбары ў акрузе не адбыліся. Ну а сёньня вылучацца вырашыў сам рэктар Маскевіч, яго і лічаць асноўным кандыдатам ад уладаў. А, так бы мовіць, рэзэрвовым — дырэктара каледжа Міхно.

Сярод гарадзенцаў ёсьць яшчэ Сяргей Антусевіч. Ён —дэпутат гарадзкога Савету, кіруе арганізацыяй Незалежнага прафсаюзу самага буйнога прадпрыемства ў горадзе — аб’яднаньня “Азот”. Сяргей Антусевіч хацеў балятавацца ў гэтай акрузе яшчэ ўвосень, але яго не зарэгістравалі.

Якія прагнозы ці прадчуваньні ў прадстаўнікоў апазыцыі наконт сёньняшняй рэгістрацыі? Напрыклад, Сяргей Антусевіч дапускае скрайнія варыянты: альбо не зарэгіструюць ніводнага з чатырох чалавек, або могуць зарэгістраваць усіх, каб яны паміж сабой расьцягнулі галасы дэмакратычна настроеных выбаршчыкаў.

Антусевіч гаворыць, што ўлады вельмі дбайна шукалі якой-небудзь зачэпкі, каб яго зноў не зарэгістраваць. Мінулым разам, дарэчы, камісія спаслалася на тое, што ён не ўказаў фірму, заснавальнікам якой быў калісьці. Некалькі гадоў таму яна была ліквідаваная, але заставалася чамусьці ў дзяржаўным рэгістры.

Удзельнікам паўторных выбараў у 52-й Гарадзенскай Цэнтральнай акрузе давядзецца сутыкнуцца зь дзіўнай сытуацыяй: на восеньскіх выбарах некаторыя выбарчыя ўчасткі знаходзіліся на тэрыторыі іншай акругі. Паводле спадара Антусевіча, яны зьвярнуліся тады ў Цэнтарвыбаркам, і гэтыя ўчасткі перадалі ў суседнюю акругу. А цяпер яны зноў апынуліся ў 52-й акрузе. Вось што мяркуе з гэтай нагоды мэнэджэр ініцыятыўнай групы Антусевіча — Вадзім Саранчукоў:

(Саранчукоў: ) “На сёньняшні дзень у нас ёсьць людзі, якія пражываюць у гэтым мікрараёне — Пагараны і Кашэўнікі, якія галасавалі падчас асноўнага туру выбараў у 53-й Сельскай выбарчай акрузе, а ніяк ня ў нашай — 52-й. Іхні дэпутат ужо абраны”.
XS
SM
MD
LG