Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе знаходзіцца Галіна Жураўкова?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Прайшло больш за тыдзень, як Вярхоўны суд прысудзіў былую кіраўніцу справамі прэзыдэнта Галіну Жураўкову да 4 гадоў зьняволеньня. Між тым яна дагэтуль на волі, што дае прадстаўнікам грамадзкасьці падставу сумнявацца ў тым, што ўлада ўвогуле зьбіраецца выконваць судовае рашэньне адносна былой уплывовай чыноўніцы.

Галіну Жураўкову асудзілі ў пазамінулы аўторак, 8 лютага. 4 гады зьняволеньня – сярэдняе па строгасьці пакараньне, калі ўлічыць суму накрадзеных Жураўковай грошай. Нагадаю, суд вырашыў, што Жураўкова скарала больш за 3 мільёны даляраў; інкрымінаваны ёй артыкул прадугледжваў зьняволеньне да 15 гадоў. Але дагэтуль да адбыцьця пакараньня справа не дайшла. Галіна Жураўкова назвалася хворай і ў суд на агалошваньне прысуду не зьявілася, прычым суд з гэтым пагадзіўся. Былы судзьдзя, адвакат Гары Паганяйла называе гэта беспрэцэдэнтным.

(Паганяйла: ) “Падобнай судовай практыкі дагэтуль не было. Прысуд мусяць агалошваць у прысутнасьці падсуднага, а калі ён хворы, то пачакаць выздараўленьня. Калі ж зачыталі прысуд без падсуднага, а прысуд адразу ўступае ў законную сілу, тады трэба было адразу яго выконваць – адвезьці Жураўкову ў рэспубліканскі шпіталь на вуліцы Кальварыйскай, у вядомай ўстанове”.

На вуліцы Кальварыйскай ў Менску знаходзіцца калёнія № 1, на тэрыторыі якой ёсьць шпіталь для лячэньня асуджаных. Паводле закону, зьмяшчэньнем Галіны Жураўковай у гэты шпіталь мусілі заняцца менскія міліцыянты адразу пасьля вынясеньня прысуду. Шпіталь падпарадкаваны дэпартамэнту выкананьня пакараньняў міністэрства ўнутраных справаў, таму я зьвярнуўся ў дэпартамэнт, каб спытаць, ці не даставілі туды Галіну Жураўкову. Намесьнік кіраўніка дэпартамэнту Мікалай Чайкін адказаў:

(Чайкін: ) “У мяне яе няма. Ёсьць суд, які і вызначае. І ў суда пытайцеся, дзе яна знаходзіцца”.

Як патлумачылі мне ў Вярхоўным судзе, пасьля вынясеньня прысуду адказнасьць за Галіну Жураўкову засталася б за судом толькі ў тым выпадку, калі б яна падала наглядную скаргу на вынесены ёй прысуд. Між тым да 16 лютага Жураўкова такой скаргі не падавала. Гэта пацьвердзіў старшыня Вярхоўнага Суду Валянцін Сукала ў інтэрвію агенцыі “Інтэрфакс”. Што ж вынікае з сытуацыі, калі ані суд, ані міліцыя не бяруць на сябе адказнасьць за асуджанага чалавека?

(Паганяйла: ) “Фактычна ствараюць сытуацыю, якая дазваляе ёй пазьбегнуць пакараньня. З Расеяй мяжа адкрытая, бяжы праз Расею куды заўгодна”.

Спраўдзіць гэтую вэрсію ў самой Галіны Жураўковай не ўдалося. Яе хатні ці сотавы тэлефоны застаюцца невядомымі, а адвакат Жураўковай Алег Дубавец з журналістамі не кантактуе, спасылаючыся на занятасьць.
XS
SM
MD
LG