Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыйная камісія Фрунзэнскага райвыканкаму Менску спыніла справу супраць Аксаны Новікавай


Любоў Лунёва, Менск 11 студзеня яе затрымалі міліцыянты за збор сродкаў на “аранжавую рэвалюцыю” у Беларусі. Аксану абвінавачвалі ў жабраваньні.

Для разгляду адміністрацыйнага пратаколу супраць Аксаны Новікавай сабраліся ўсе 11 сяброў камісіі. Гэта было другое паседжаньне. На першае прыйшлі толькі чатыры чалавекі. Аксана Новікава заявіла, што з-за адсутнасьці кворуму рашэньне камісіі будзе неправамоцнае. Паседжаньне перанесьлі.

На другое паседжаньне запрасілі двух сьведкаў, мужчыну і жанчыну, якія казалі, што Аксана хадзіла са скрыняй з аранжавай стужкай і зьбірала грошы на рэвалюцыю. Менавіта гэта міліцыянты кваліфікавалі як жабраваньне.

Старшыня камісіі Юры Капчынскі папрасіў, каб Аксана Новікава выйшла з пакою разам з журналістамі і чакалі там рашэньня.

Праз некалькі хвілінаў нарады старшыня зачытаў рашэньне – справу спыніць з-за нязначнасьці правапарушэньня і абмежавацца вуснай заўвагай аб недапушчальнасьці такіх паводзінаў.

Аксана Новікава так пракамэнтавала гэтае рашэньне:

(Новікава:) “Гэта ёсьць паказам страху перад тым, што робіцца ў Беларусі. Адміністрацыйная камісія папросту ня хоча браць на сябе адказнасьць, выносячы такія прысуды. Мусіць, таму мяне і апраўдалі. Я лічу, што прысутнасьць журналістаў на гэтай справе паўплывала на рашэньне камісіі. Яны вымушаныя былі падрабязна разьбірацца з усімі аспэктамі гэтай справы, выклікаць сьведкаў… Чаго яны ніколі не рабілі раней. Відаць, ім добра дасталася ад начальства, таму што яны былі ў поўным складзе. А гэтага ніколі не бывае.”

Аксана Новікава заявіла сябрам камісіі, што, нягледзячы на заўвагу, будзе й надалей зьбіраць сродкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG