Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія ўлады шукаюць вінаватых у затрыманьні беларускіх актывістаў


Казімір Яноўскі, Гомель Пракуратура Чарнігаўскай вобласьці Украіны распачала крымінальную справу паводле факту арышту чатырох актывістаў беларускай апазыцыі на ўкраінскай мяжы ў лістападзе мінулага году, пасьля другога туру прэзыдэнцкіх выбараў.

Як стала вядома, пастанову з прычыны арышту на ўкраінскай мяжы беларускіх актывістаў Дзьмітрыя Бандарэнкі, Уладзімера Кобеца, Дзьмітрыя Бародкі і Аляксандра Атрошчанкава вынес намесьнік пракурора Чарнігаўскай вобласьці Валерый Грышчанка.

Я зьвязаўся па тэлефоне з намесьнікам пракурора Грышчанкам і папрасіў удакладніць, што сталася падставаю для крымінальнай справы – зварот беларускіх грамадзянаў або нейкія іншыя абставіны?

(Грышчанка:) “Падставаю для распачацьця крымінальнай справы, паводле нашага заканадаўства, могуць быць звароты грамадзянаў, публікацыі ў мэдыях, іншыя матывы. Я не хаваю, што быў і зварот аднаго з народных дэпутатаў Украіны, які зьяўляецца цяпер чальцом ураду. Пракуратура не дала нікому нагоды казаць, што мы кагосьці імкнемся выгарадзіць. Мы цяпер максімальна аб’ектыўна разьбіраемся. Аб’ектыўна ж разабрацца без распачацьця крымінальнай справы немагчыма”.

Паводле намесьніка пракурора, украінскімі ахоўнікамі ўчыненае калі не службовае злачынства, то прынамсі неапраўданае перавышэньне сваіх паўнамоцтваў. Кім менавіта – міліцыянтамі, памежнікамі або службоўцамі бясьпекі – і высьвятляе цяпер пракуратура.

Я пацікавіўся ў Валерыя Грышчанкі, ці будуць запрашацца ў Чарнігаў беларускія апазыцыянэры, якія ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту на Майдане ў Кіеве і былі арыштаваныя на ўкраінскай мяжы падчас вяртаньня ў Беларусь?

(Грышчанка:) “А як жа можна аб’ектыўна разабрацца, калі не запрасіць непасрэдных удзельнікаў гэтых падзеяў і не правесьці адпаведныя сьледчыя дзеяньні? Сёньня раніцаю мне дакладалі падначаленыя, што ёсьць ужо каардынаты беларускіх грамадзянаў. І ў найбліжэйшым часе будзе вырашанае пытаньне пра тое, каб іх абавязкова запрасіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG