Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распачатая крымінальная справа ў дачыненьні да дэпутата Маларыцкага райсавету


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць Уладзімера Малея, які ёсьць сябрам Партыі БНФ, абвінавачваюць у паклёпе на адрас старшыні мясцовага райвыканкаму Казіміра Лапіча.

Сёньня дэпутата Маларыцкага райсавету Ўладзімера Малея выклікалі ў раённую пракуратуру. Там спадару Малею паведамілі, што супраць яго распачатая крымінальная справа на падставе часткі другой артыкулу 188 Крымінальнага кодэксу Беларусі (за паклёп). Пра тое, што сталася падставай для такіх дзеяньняў пракуратуры, Уладзімер Малей распавёў Радыё Свабода:

(Малей: ) “Напрыканцы 2004 году я зьвярнуўся з дэпутацкім запытам да пракурора Маларыцкага раёну: чаму ня быў выселены са службовай хаты былы старшыня райвыканкаму? Гэты запыт надрукаваў у дэпутацкім інфармацыйным бюлетэні “Наша слова”. Цяпер я даведаўся, што публікацыя майго запыту стала падставай, каб завесьці супраць мяне крымінальную справу — быццам бы за паклёп”.

Варта адзначыць, што ў сваім дэпутацкім запыце Ўладзімер Малей прапанаваў пракуратуры прыцягнуць да адказнасьці цяперашняга старшыню Маларыцкага райвыканкаму Казіміра Лапіча. Дэпутат лічыць, што кіраўнік вэртыкалі не зрабіў ніякіх захадаў, каб дзяржаве было вернутае службовае жыльлё пасьля адстаўкі ягонага папярэдніка.

Распычынаць справу супраць спадара Лапiча ў пракуратуры адмовіліcя, затое зрабілі гэта ў адносінах да аўтара дэпутацкага запыту Ўладзімера Малея. Ён кажа, што гэта ня ёсьць выпадковасьцю.

(Малей: ) “Я лічу, што ўлада прымае захады, каб нэўтралізаваць актыўныя дзеяньні дэпутата і пакараць яго за тое, што ён патрабуе жыць па закону”.
XS
SM
MD
LG