Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Пінску працягваецца страйк прадпрымальнікаў


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць Упершыню за гэты час гандляроў прынялі прадстаўнікі гарадзкіх уладаў, але ніякіх вынікаў гэтыя перамовы не прынесьлі.

Два буйныя рынкі Пінску — Цэнтральны і кірмаш “Зорны” — па-ранейшаму не працуюць. Мясцовыя прадпрымальнікі абвесьцілі страйк яшчэ 1 лютага. Большасьць гандляроў у гэтым месяцы не сплацілі адзінага фіксаванага падатку. Яны дамагаюцца скасаваньня падатку на даданую вартасьць на тавары з Расеі і спрашчэньня працэдуры атрыманьня сэртыфікатаў.

Толькі цяпер прадстаўнікі пінскіх уладаў пагадзіліся прыняць і выслухаць актывістаў прадпрымальніцкага страйку. Сярод прапановаў ад гандляроў прагучалі і такія:

(Прадпрымальнік: ) “Нашыя прадпрымальнікі таксама зьвяртаюцца да чыноўнікаў, супрацоўнікаў гарвыканкаму, каб выдаткавалі з бюджэту 2–3 тысячы даляраў, выпісалі нейкаму чыноўніку камандзіроўку, каб ён зрабіў у Маскве закупы, паспрабаваў атрымаць рахункі, накладныя, дамовы зь фірмамі, атрымаў сэртыфікаты на ўсе тавары, сплаціў падатак і паспрабаваў вярнуць праз два месяцы ў бюджэт тыя грошы, што ён узяў. А што з гэтага будзе — зрабіць высновы”.

Паводле словаў прадпрымальнікаў, перамовы з уладамі не былі пасьпяховымі. Гандляры кажуць, што пінская вэртыкаль і мясцовая дзяржаўная прэса ўводзяць у зман жыхароў гораду.

(Прадпрымальнік: ) “Гэтая інфармацыйная блякада выканала сваю ролю: у Пінску нічога ня пішуць пра тое, што два рынкі стаяць. Выканаўца абавязкаў старшыні гарвыканкаму заявіў нам і дэпутатам гарсавету, што нічога страшнага, усё нармальна, сытуацыя кантралюецца і гэта, маўляў, меркаваньне саміх прадпрымальнікаў”.

Пінскія гандляры пакуль ня вырашылі, колькі яшчэ працягнецца іхны страйк. Яны чакаюць, да якіх высноваў прыйдзе рабочая група, створаная з удзелам прадстаўнікоў ураду пасьля ўсебеларускай акцыі 10 лютага.
XS
SM
MD
LG