Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наіўныя гэтыя ўкраінцы: думаюць, што пры Юшчанку ім стане лепш, чым пры Кучму”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Асэнсоўваючы тое, што адбываецца ў сёньняшняй Беларусі, многія нашы слухачы ў сваіх лістах на “Свабоду” азіраюцца на досьвед суседзяў, і найперш — украінцаў. Свой адметны погляд на тое, што адбылося нядаўна ва Ўкраіне, у нашага слухача зь вёскі Любонічы Кіраўскага раёну Ўладзімера Гайдукевіча.

“Якія наіўныя і даверлівыя гэтыя людзі — думаюць, што пры Юшчанку ім стане лепш. З чаго раптам? Законы былі неблагія і пры Краўчуку, і пры Кучму. Але ж тых законаў па-сапраўднаму ніхто не выконвае. На месцах застаюцца тыя самыя чыноўнікі — і робяць, што захочуць. Бо ведаюць: управы на іх ня будзе, няма калі прэзыдэнтам гэтымі справамі займацца. Так што як быў украінец ці беларус бедным, так і застанецца.

Вось ваша “Свабода” часта гаворыць пра нашага ня надта добрага Лукашэнку. А раней Шушкевіч ці Кебіч былі лепшыя? Я па сабе ведаю: па кожную паперку, па кожную дробязь трэба было пісаць ім скаргі. А яны тых скаргаў не чыталі. Як, зрэшты, не чытае і Лукашэнка. Ім жа няма калі. Яны то лецішчы будуюць, то шайбу ганяюць… Паскардзісься на местачковага чыноўніка, а тая скарга да яго ж і вяртаецца. Вось хутка выбары прэзыдэнта, а мне абыякава, хто пераможа. Бо ведаю: лепш ня стане. А выберуць новага, дык спачатку стане і горш. Потым, можа, нешта і паправілася б, але, урэшце, усё залежыць ад цябе самога”.

На падставе гэтых сваіх развагаў Уладзімер Гайдукевіч зь вёскі Любонічы Кіраўскага раёну зьвяртаецца да нас з наступнай прапановай:

“У “Свабоды” стала б значна больш слухачоў, калі б усе скаргі, якія пакуль што пішуць на адрас вышэйшай улады, людзі дасылалі вам. А вы б іх чыталі па радыё — вось тады занятыя іншымі справамі Лукашэнка, Сідорскі, Навіцкі ды іншыя пачулі б усю праўду пра тое, што робіцца на месцах. А галоўнае, гэтага баяліся б мясцовыя караеды-начальнікі. Паспрабуйце, зрабіце добрую справу. Я адзін пішу скаргі ўжо гадоў пятнаццаць, пры розных уладах. А адпіскі атрымліваю аднолькавыя”.

Дарэмна вы, спадар Гайдукевіч, лічыце, што Лукашэнка, Сідорскі ды іншыя высокія начальнікі ня ведаюць, пра што ім пішуць дзясяткі тысяч людзей. Вядома, кожную скаргу яны не чытаюць, але пра агульныя тэндэнцыі і тэматыку ім акуратна дакладваюць. Бескантрольнасьць і сваволя мясцовых чыноўнікаў, іхная чэрствасьць і абыякавасьць да людзкіх патрэбаў — вось галоўная тэма пошты, якая паступае ў прэзыдэнцкую адміністрацыю і ўрад. І рэакцыя ўлады часам ёсьць — тут вы, спадар Гайдукевіч, ня маеце рацыі. То аднаго, то другога зладзеяватага чыноўніка пазбаўляюць пасады, даюць вымовы, а часам нават і пад суд аддаюць.

Але агульную сытуацыю гэта ня дужа мяняе: на месца аднаго начальніка, які ня лічыцца зь людзьмі, прыходзіць іншы, часта — яшчэ горшы. Прычына ў тым, што нязьменнай застаецца сыстэма ўлады, пры якой людзі фактычна ніяк ня могуць уплываць на сваё мясцовае начальства. Не насельніцтва выбірае сабе кіраўнікоў раёнаў і гарадоў, судзьдзяў. Усіх гэтых асобаў прызначае выключна прэзыдэнт, і толькі на ягоныя жаданьні й прыхамаці яны арыентуюцца. Гэта ёсьць асновай аўтарытарнай улады ў краіне. Асоба, якая ставіць за мэту бестэрміновае ўтрыманьне ўлады, ад такой сыстэмы не адступіцца, якія б скаргі ёй не пісалі і якой бы ні была колькасьць гэтых скаргаў.

Ліст ад Іосіфа Буры з Маладэчанскага раёну. Слухач разважае пра тое, хто можа стаць наступным прэзыдэнтам Беларусі:

“Каб дамагчыся лепшага жыцьця, нам патрэбен дэмакратычны прэзыдэнт. Такім прэзыдэнтам мог бы стаць Анатоль Лябедзька. Але посьпех у гэтай справе магчымы толькі тады, калі ў кожнай вобласьці і раёне па ўсёй Беларусі будуць створаныя ініцыятыўныя групы. Сіле трэба супрацьпаставіць сілу. На кожным выбарчым участку павінны быць назіральнікі ад народу. І калі хто зьбіраецца галасаваць за Лябедзьку, бюлетэні ў скрынку кідаць не павінны. Тады ніякія махляры ня здолеюць сфальшаваць выбары. Кожную хвіліну будзе відаць, хто перамагае, за каго галасуюць людзі. Няўжо мы такое ні на што ня здатнае быдла, што ня можам здабыць сабе свабоду?”

На жаль, спадар Бура, унівэрсальнага сродку таго, як ва ўмовах аўтарытарнай дзяржавы і прызначаных уладай выбарчых камісіяў зрабіць выбары празрыстымі, а іх вынікі для ўсіх відавочнымі — няма. На мінулых восеньскіх выбарах, калі памятаеце, ужо была зроблена падобная спроба: некаторыя апазыцыйныя палітыкі прапанавалі людзям пакідаць у сябе частку выбарчых бюлетэняў, каб паказаць маштаб фальшаваньняў. Але назваць тую спробу ўдалай наўрад ці выпадае. Па-першае, яна адразу ж сутыкнулася з жорсткім супрацьдзеяньнем уладаў; а па-другое, большасьць людзей (нават прыхільнікаў дэмакратычнай апазыцыі) ці ня ведалі пра ідэю, ці не разумелі яе сутнасьці, ці проста пабаяліся псаваць бюлетэні, баючыся перасьледу ўлады.

Электронны ліст ад Сьцяпана Разанкі з Эстоніі. Слухач піша:

“Будучыня Беларусі ў першую чаргу залежыць ад наступных прэзыдэнцкіх выбараў. Леташні рэфэрэндум выкрасьліў апошнія надзеі на спакойны паварот краіны ў бок дэмакратыі, бо сучасны кіраўнік Беларусі імкнецца да пажыцьцёвага “царства”. Перамагчы яго на выбарах, калі яны будуць праведзены без хлусьні, маглі б нямногія кандыдаты. У першую чаргу таму, што ў грамадзтве, акрамя Пазьняка і Шушкевіча, мала каго ведаюць. Патрэбны новыя імёны, бо супраць Пазьняка будуць многія з прычыны яго часта занадта нацыяналістычных поглядаў, а Шушкевіч ужо кіраваў краінай у цяжкі час, і значная частка жыхароў Беларусі лічыць яго вінаватым за развал СССР (хоць насамрэч яго трэба героем за гэта лічыць!).

Мне здаецца, дарэмна мала ўвагі, як магчымаму будучаму лідэру нацыі, надаецца Ўладзімеру Коласу, кіраўніку Беларускага ліцэю і Рады беларускай інтэлігенцыі. За ім народ пайшоў бы. У яго нават прозьвішча народнае. Колас прывядзе беларускі народ да сьвятла, да пачэснага месца ў сьвеце! А іншым лідэрам партый я б пажадаў цьвяроза ацаніць становішча ў краіне і падтрымаць адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў”.

Сапраўды, спадар Разанка, праблема дэмакратычнага лідэра агульнанацыянальнага маштабу, якога б шырока ведалі ў грамадзтве, які валодае якасьцямі трыбуна і адначасова не абцяжараны стэрэатыпным іміджам нацыяналіста і палітычнага няўдачніка — адна з найбольш значных для беларускіх дэмакратаў. Беларусам патрэбен свой Валэнса, свой Каштуніца, свой Юшчанка… На сёньняшні дзень такога відавочнай яркай асобы ў Беларусі няма. Не ў апошнюю чаргу таму, што ўлада робіць усё магчымае, каб не дапусьціць патэнцыйных лідэраў да сродкаў масавай інфармацыі, не даць ім магчымасьці выводзіць людзей на вуліцу, не дазволіць стаць пазнавальнымі і папулярнымі ў грамадзтве.

На заканчэньне — ліст зь мястэчка Відзы Браслаўскага раёну:

“Піша Вам Дзьмітры Васільеў. Зразумела, гэта мой псэўданім, бо я баюся трапіць у абдымкі нашага “роднага” КДБ. Напісаць наважыўся, пачуўшы ў вас, а таксама на іншых заходніх хвалях некалькі перадач на тэму фашысцкага лягеру сьмерці ў Асьвенціме. Нядаўна споўнілася 60 гадоў, як савецкія войскі вызвалілі гэты лягер. Вы расказвалі, якія жахі тварыліся ў Асьвенціме: як людзей кідалі ў газавыя камэры, катавалі. І адначасова я бачу па тэлебачаньні, як у Латвіі і Эстоніі ўлады ушаноўваюць эсэсаўцаў, адкрываюць ім помнікі. Не разумею, навошта сыпаць соль на раны тым вэтэранам, якія пазбавілі Эўропу ад фашызму? Або пані Віке-Фрайбэрга не вучыла гісторыю і ня ведае, што такое другая ўсясьветная вайна? Сумняюся ў гэтым. Тады ў чым прычына такой палітыкі? Прашу паважанага Валянціна Жданка адказаць на маё пытаньне”.

Калі вы, Дзьмітры, хочаце сапраўды глыбока разабрацца ў гэтай тэме, вам варта глядзець ня толькі расейскія тэлеканалы і арыентавацца ня толькі на ідэалягізаваныя падручнікі гісторыі, па якіх вучаць дзяцей у беларускіх школах. Злачынствы фашызму не апраўдваюць і не ўшаноўваюць ні ў воднай краіне Эўразьвязу. Больш за тое, састарэлых фашысцкіх катаў зрэдзьчас дагэтуль знаходзяць у розных частках сьвету і аддаюць пад суд. Ёсьць, аднак, істотныя акалічнасьці ў гісторыі нашах балтыйскіх суседзяў, якіх нельга ня ўлічваць, калі разважаць пра іх сёньняшняе стаўленьне да вайны. Сваю незалежнасьць у 1940 годзе балтыйскія краіны страцілі ў выніку савецкай, а не нямецкай акупацыі. Тады ж на гэтыя дзяржавы абрынулася магутная сталінская рэпрэсіўная машына: сотні тысяч найбольш адукаваных і гаспадарлівых латышоў, літоўцаў, эстонцаў сталі вязьнямі ГУЛАГу. Ці трэба зьдзіўляцца, што многія ў гэтых краінах, калі надарылася магчымасьць, узялі ў рукі зброю, каб павярнуць яе супраць савецкай арміі, якую яны не лічылі вызваліцелькай (і калі згадаць далейшую гісторыю — на тое былі важкія падставы, камуністычны Савецкі Саюз прынёс балтыйскім народам разам з вызваленьнем ад фашызму новую акупацыю).

Грамадзтва балтыйскіх краінаў пасьля дзесяцігодзьдзяў афіцыйнай хлусьні і замоўчваньня спрабуе аб’ектыўна разабрацца ва ўласнай гісторыі. Таму там адбываюцца суды ня толькі на фашысцкімі, але і над камуністычнымі злачынцамі, якія рэпрэсавалі, раскулачвалі, катавалі мірных жыхароў. Таму і помнікі зьяўляюцца над магіламі ня толькі тых, хто ваяваў на савецкім баку. І я ўпэўнены, Дзьмітры, што латышы, літоўцы і эстонцы здолеюць самастойна расставіць кропкі над “і” ва ўласнай гісторыі. Можаце быць пэўны: на вуліцах Рыгі не зьявіцца помнік кіраўніку СС Гімлеру, але ня будзе там і помніка стваральніку НКВД Дзяржынскаму.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG