Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі створаны страйкавы камітэт прадпрымальнікаў


Міхал Стэльмак, Менск Камітэт будзе дамагацца адмены падатку на даданую вартасьць для прадстаўнікоў дробнага бізнэсу. Страйкам будзе прадстаўляць прадпрымальнікаў на перамовах з урадам, якія заплянаваныя на 17 лютага.

Страйкавы камітэт быў створаны на сёньняшняй нарадзе рэгіянальных лідэраў грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва”. У ёй бралі ўдзел прадстаўнікі дробнага бізнэсу дзясяткаў гарадоў краіны. Як прагучала на нарадзе, прадпрымальнікі ўпаўнаважылі сваіх лідэраў дамагчыся ад уладаў вырашэньня падатковай праблемы. Гэта, паводле лідэра барысаўскіх прадпрымальнікаў Віктара Гарабачова, і спрычынілася да стварэньня страйкаму:

(Гарбачоў: ) “Калі ўлады ў далейшым адмовяцца ў жорсткай форме ад кантактаў з намі і будуць ігнараваць нашы патрабаваньні ў пытаньні падатку на дабаўленую вартасьць, то страйкам возьме на сябе функцыі ў маштабах Беларусі правядзеньня акцыяў пратэсту. Гэта будуць акцыі ў справе абароны прадпрымальніцкіх інтарэсаў. І калі ўлады затрымаюць Шумчанку, мяне альбо іншых лідэраў, то гэты камітэт будзе ўсё роўна дзейнічаць”.

На нарадзе прадпрымальнікі выпрацавалі тактыку перамоваў з уладай, якія заплянаваныя на 17 лютага. Нагадаю, на гэтыя перамовы ўлады пагадзіліся ў выніку агульнанацыянальнага страйку, які адбыўся 10 лютага. У той дзень дзясяткі тысяч бізнэсоўцаў выказалі пратэст супраць новай сыстэмы падаткаў. Таксама нагадаю, што 9 лютага быў затрыманы і затым арыштаваны на 10 сутак кіраўнік “Пэрспэктывы” Анатоль Шумчанка. Як прагучала на нарадзе, яго паплечнікі маюць намер на заўтрашніх перамовах дамагацца скасаваньня падатку на даданую вартасьць. Пра гэта гаворыцца ў прынятай сёньня заяве ўдзельнікаў нарады. Гаворыць лідэр прадпрымальнікаў Полацку і Наваполацку Валеры Шаўчэнка:

(Шаўчэнка: ) “Наша заява скіравана на тое, каб прадпрымальнікі краіны і ўсе грамадзяне ведалі, што ўлады не жадалі ніякіх перамоваў. Іх мэтай было марнатраўства часу, зьбіць той накал у прадпрымальнікаў, які быў у часе страйку. І мы гэта таксама добра разумеем. Таму мы ня вельмі разьлічваем на нейкі вынік гэтых перамоваў”.

Лічыць актывіст прадпрымальніцкага руху Валеры Шаўчэнка, адзін з удзельнікаў заўтрашніх перамоваў з уладамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG