Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка загадаў тэлебачаннью рыхтавацца да выбарчай кампаніі 2006 году


Валер Каліноўскі, Менск Аляксандар Лукашэнка сёньня на адмысловай нарадзе заклікаў беларускія тэлеканалы актывізаваць тлумачальную працу сярод насельніцтва ды супрацьстаяць “замежнай інфармацыйнай вайне”. Гэты заклік быў наўпрост зьвязаны з палітычнымі падзеямі 2006 году — чарговымі прэзыдэнцкімі выбарамі.

Аляксандар Лукашэнка зазначыў, што СМІ — гэта сур’ёзная зброя, якая павінна быць у руках прэзыдэнта. Ён заявіў пра існаваньне інфармацыйнага ціску на Беларусь як з Захаду, гэтак і Ўсходу, і спрагназаваў, што гэты ціск будзе ўзмацняцца ў сувязі з будучымі палітычнымі падзеямі, перш за ўсё 2006 году, маючы на ўвазе прэзыдэнцкія выбары. Пры гэтым А.Лукашэнка нэгатыўна ацаніў праграмы “Голасу Амэрыкі” і Радыё Свабода, якія нібыта дзейнічаюць у “традыцыях халоднай вайны”, а таксама абвінаваціў у перадузятасьці і агрэсіўнасьці “антыбеларускія тэлеканалы суседніх краінаў”, асабліва Расеі. Беларускія дзяржаўныя СМІ, паводле А.Лукашэнкі, павінны супрацьстаяць замежным: “не апраўдвацца, а даваць адпор інсынуацыям”.

(Лукашэнка: ) “Сёньня СМІ ня толькі і ня столькі крыніцы інфармацыі, яны павінны весьці тлумачальную працу, важна ня проста данесьці да людзей навіну, але і патлумачыць, што за ёю стаіць”.

Што да беларускіх тэлеканалаў, то А.Лукашэнка выказаў незадаволенасьць якасьцю іх працы, ацаніўшыя яе як “дзікі непрафэсіяналізм”. У якасьці прыкладу беларускі кіраўнік назваў сытуацыю з ПДВ і жыльлёва-камунальнымі тарыфамі, калі дзяржаўныя СМІ пра сутнасьць гэтых праблемаў не паведамлялі. Тое, што ўсе чатыры беларускія тэлеканалы праігнаравалі гэтыя тэмы, як і масавы пратэст прадпрымальнікаў па ўсёй краіне, і што нават ніяк не асэнсавалі крыўднага пройгрышу беларускіх хакеістаў зборнай Латвіі ў гульні за алімпійскую пуцёўку, — усё гэта сьведчыць пра якасную трансфармацыю дзяржаўных беларускіх СМІ, якія адлюстроўваюць нейкую сваю рэальнасьць, перакананы былы кіраўнік БТ паэт Генадзь Бураўкін.

(Бураўкін: ) “Яны адлюстроўваюць тую рэальнасьць, якая патрэбная ў адпаведных кабінэтах. Тэлебачаньне даўно перастала быць (усе чатыры беларускія каналы) сродкам масавай інфармацыі, гэта сродак масавай прапаганды і агітацыі”.

Менавіта такое тэлебачаньне патрэбнае А.Лукашэнку перад прэзыдэнцкімі выбарамі, упэўнены Г.Бураўкін.

Гаворачы пра сутнасьць тлумачальнай працы дзяржаўных тэлеканалаў, А.Лукашэнка прывёў прыклад: “Трэба давесьці таму ж студэнту, што калі б не прэзыдэнт, наўрад ці ён сядзеў бы за партай у ВНУ. Калі нашай моладзі давесьці гэтую праўду, то прынамсі з аранжавымі сьцягамі яна па вуліцах хадзіць ня будзе”, — заявіў А.Лукашэнка.
XS
SM
MD
LG