Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня - Дзень незалежнасьці Літвы


Тацяна Поклад, Вільня Сёньня Літва адзначае дзень незалежнасьці -- 87-ыя ўгодкі аднаўленьня незалежнай дзяржаўнасьці Літвы. У ліку сёньняшніх сьвяточных імпрэзаў – і ушанаваньне памяці легендарнага віленскага друкара Марціна Кухты

Гэтае сьвята часта называюць Днём дзяржаўнасьці – па сваёй сутнасьці гэта такая самая дата, як і дзень 25 сакавіка для беларусаў, які мы называем Днём Волі. Для Літвы 16 лютага – непрацоўны дзень, пасьля аднаўленьня незалежнасьці ў гэты дзень ладзяцца афіцыйныя імпрэзы, урачыстыя імшы. З кожным годам адзначаецца меншая цікавасьць моладзі да гэтага сьвята, зь якім канкуруе Дзень Сьвятога Валянціна 14 лютага. Вось і сёньня пра гэта казалі журналісты з рэгіёнаў. Маладзейшым, як выглядае, бліжэйшая дата 11 сакавіка – дата абвяшчэньня выхаду Літвы са складу былога СССР. Але, вядома, 16 лютага – для Літвы асаблівая дата, і вялікі сантымэнт да яе маюць людзі старэйшыя, якія прыгадваюць патаемныя сьвяткаваньні.

З кожным годам у Літве імкнуцца больш уразнастайваць і дапаўняць афіцыйныя імпрэзы, каб зацікавіць моладзь. Відовішчныя, цікавыя імпрэзы былі сёньня ў Коўне, яны прывабілі шмат людзей. У Вільні, нягледзячы на дождж, нечакана шмат людзей сабралася на традыцыйную ўрачыстасьць пры Доме сыгнатараў Акту 16 лютага на вуліцы Замкавай, дзе ў прамовах гучалі сёньняшнія палітычныя актуаліі. У Вільні ўвечары, як сьцямнее – на Катэдральным пляцы -- фэервэрк, канцэрт з удзелам найлепшых і найбольш папулярных выканаўцаў, якія падрыхтавалі прэм''еры сямі музычных твораў - гэта ўжо традыцыя, сёлета канцэрт названы “Сэрца Літвы”, і да яго арганізацыі прычыніліся галівудзкія адмыслоўцы.

Сёлета шмат увагі прычакала тэма зьніклага арыгіналу Акту аб незалежнасьці Літвы, які падпісалі чальцы Літоўскай Рады 16 лютага 1918 году. У ліку сёньняшніх прэм''ераў – і дакумэнтальны фільм “16 лютага. Загадкі і пошукі”. Ушанаваная памяць друкара і друкарні, дзякуючы якім Акт стаўся вядомым па ўсёй Літве і за яе межамі – сёньня каля сотні чалавек сабраліся на ўрачыстае адкрыцьцё мэмарыяльнай шыльды ў гонар Марціна Кухты, легендарнага віленскага друкара, які ад 1906 году выдаваў літоўскія і беларускія пэрыёдыкі і кніжкі, у тым ліку “Нашу Ніву”, “Беларускую граматыку для школ” Браніслава Тарашкевіча, а найбольш вядомы, напэўна, адзіны прыжыцьцёвы зборнік вершаў Максіма Багдановіча “Вянок”:

Ў краіне светлай, дзе я ўміраю, У белым доме ля сіняй бухты, Я не самотны, я кнігу маю З друкарні пана Марціна Кухты.

Вось гэтая друкарня была закрытая тагачаснымі нямецкімі акупацыйнымі ўладамі праз тры дні пасьля надрукаваньня Акту 16 лютага 1918 году, сам Марцін Кухта быў арыштаваны, але увесь наклад Акту аб незалежнасьці быў выратаваны, яго пасьпелі вывезьці перад ператрусам. Ад сёньня будынак друкарні (цяпер – вул. Татарская, 20) упрыгожвае мэмарыяльная шыльда, а ў самім будынку цяпер звычайны жылы дом.
XS
SM
MD
LG