Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хацелася б павіншаваць ад імя ўсіх жыхароў горада Васілевічы народнага пісьменьніка Беларусі Івана Навуменку”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 14 і 15 лютага 2005 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадарыня: ) “Ці будзе страйк у сакавіку, скажыце, калі ласка. Таму што ў Лідзе 50 на 50: адны згодныя страйкаваць, а другія згодныя “левыя” дакумэнты шукаць і плаціць падаткі”.

(Васіль: ) “Хто з дастойных беларусаў павінен быць увекавечаны? Я лічу, што помнік у Менску павінны ўзьвесьці вялікаму нашаму пісьменьніку Васілю Быкаву, бо ён зьяўляецца сумленьнем нацыі, бо ён зьяўляецца нашым агульным героем”.

(Анастас Семяновіч: ) “Вельмі шаноўныя гаспадары і гаспадыні Радыё Свабода! Я вычытаў у газэце “Наша слова”, што мастак Мікола Назарчук быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Яго карціны найбольш праўдзіва адлюстроўваюць тыя грозныя падзеі, як напрыклад, “Танкавая бітва пад Сянно”. На даволі невялікім участку беларускай зямлі 6 ліпеня 1941 году каля мястэчка Сянно сышліся ў сьмяротныя бойні дзьве танкавыя калёны. Зь нямецкага боку каля тысячы танкаў, а з нашага – дзьве тысячы баявых машын. Гэта было самае вялікае танкавае пабоішча ў часы 2-й сусьветнай вайны. А запытайцеся любога, дзе адбылося вялікае танкавае пабоішча, і кожны адкажа: на Курскай дузе пад вёскай Прохараўка. Вось такое скажэньне бальшавікамі гісторыі. Але Мікола Назарчук ведае трошкі больш, чым напісана ў сучасных нашых падручніках гісторыі”.

(Спадар: ) “Вось толькі што пачуў па радыё інфармацыю, што скончыла жыцьцё самагубствам урач адной з бальніц, якую абвінавацілі ў заражэньні хворага хваробай. У Пінску ў мінулым годзе памерла дзіця, якое заразілі мэнінгітам урачы. Яны потым дасьледавалі ўсіх бацькоў, сваякоў, усіх людзей, хто кантактаваў зь немаўлём, яму было каля чатырох месяцаў, але ўсе аказаліся здаровыя. У выніку, пасьля прышчэпкі дзіця памерла. І да гэтага часу бацькі так і ня здолелі дамагчыся ніякай справядлівасьці, каб ім кампэнсавалі хоць нейкі маральны ўрон. Таму, я лічу, што мэдыцынская мафія ў нас вельмі-вельмі моцная. У паліклініцы, напрыклад, нельга бяз хабару прайсьці нейкія працэдуры, кожнаму трэба нешта паднесьці, усюды даляры патрэбныя. Напрыклад, спраўка ў мінулым годзе на 10 дзён 15 даляраў каштавала. Наогул, у мэдыцыне ў нас адбываецца нешта жахлівае. Я ня ведаю, дзе так яшчэ можа быць, як у нас”.

(Тацяна Барэль: ) “Для мяне беларускае тэлебачаньне – гэта адстойнік амбіцыёзных безгустоўных людзей, сховішча дылетантаў. І няма чаго чакаць ад гэтых бездухоўных “прафэсіяналаў” змаганьня за мову і культуру нацыі”.

(Спадар: ) “Дзень добры, шаноўная Свабода! Паслухаў па Радыё Свабода сваё тэлефанаваньне і камэнтар да яго знакамітага гомельскага палітыка Віктара Карнеенкі. Вельмі мудры камэнтар, і ён сьведчыць аб тым, што калі ўсе такія палітыкі ў нас, як Карнеенка, дык чакаць дэмакратыі ў Беларусі доўга прыйдзецца. Бо калі для такіх дэмакратаў як Карнеенка гэта не падзея ў Беларусі, калі нараджальнасьць менш за сьмяротнасьць, і дзьве жанчыны, якія гераічна вырашалі завесьці сабе дзіця, адна зь іх пятага! І пры гэтым Карнеенка лічыць, што гэта не палітычная падзея… Што можна яшчэ сказаць… Гэта вярхушка айсбэрга – гібель гэтых жанчын. Калі б палітыкі нашыя сур’ёзна зацікавіліся, што робіцца ў мэдыцыне, то гэтая тэма самай галоўнай павінна стаць, на мой погляд. Яшчэ магу сказаць, што гэта сьведчаньне таго, як далёкія нашыя палітыкі ад народа.

Мулявін памёр. Хто прыйшоў з палітыкаў да яго труны? Хто прыйшоў з нашых лідэраў? А Мулявін зрабіў жа для беларусізацыі больш за ўсіх лідэраў разам узятых, уключна нават і зь Зянонам Пазьняком”.

(Спадарыня: ) “Напярэдадні вайны савецкія войскі, савецкія афіцэры, Сталін зь Гітлерам і немцы бралі Брэсцкую крэпасьць, а палякі яе абаранялі. Здаецца, абараняў яе польскі генэрал Вяльчэўскі. Можа, што-небудзь нам больш падрабязна пра гэта Аляксей Дзікавіцкі распавядзе?”

(Сталы слухач з Мазыра: ) “Добрай раніцы, Свабода! Вельмі дрэнны сыгнал! Проста немагчыма! Амаль што немагчыма вас злавіць! Што гэта робіцца? Трэба дапамагчы нам, бо бяз вашай інфармацыі мы проста адрэзаныя ад сьвету. Нашы СМІ паважаныя, БТ, АНТ, Лад, тое самае трубяць, што ў нас усё цудоўна, усё ў нас расьце, эканоміка і г.д. А вось мой жыцьцёвы ўзровень, пэнсіянэра, да 200 тысяч аніяк не расьце! Тарыфы растуць, а яны пра гэта нічога ня кажуць. Дык толькі ў вас можна пачуць праўдзівую інфармацыю. Зрабіце ўсё магчымае, каб можна вас было злавіць. Хаця б адну хвалю добрую магутную зрабіце, напрыклад, сярэднюю! І ўсё будзе нармальна! А то шукаеш вас увесь вечар і ня можаш знайсьці!”

(Леанід Скварцоў, Віцебск: ) “Вядомая Свабода! Паведамце, што я вельмі ўзбуджаны і крычу “Ганьба! Ганьба!” на адрас беларускай хакейнай каманды за яе вельмі няўдалую гульню зь цяпер ужо шаноўнай хакейнай дружынай Латвіі!”

(Варанцоў Анатоль, Гомель: ) “Хачу вам паведаміць вось пра што. У сярэдзіне студзеня на адрас Серабранскай сярэдняй школы Рачаўскага раёна Доўскага сельскага савету Гомельскай вобласьці зь Нямеччыны прыйшлі пасылкі ў выглядзе гуманітарнай дапамогі, і ўжо іх некалькі год дасылаюць. Прызначаныя пасылкі дзецям, інвалідам, пэнсіянэрам, удзельнікам вайны, а яны да цяперашняга часу іх ня могуць атрымаць. Трэба чакаць нейкага прадстаўніка зь Менску і атрымаць дазвол на выдачу. Паколькі ніхто не прыяжджае, то гэтыя пакункі на гэтым тыдні будуць накіраваныя назад на адрас адпраўшчыка. Усе абураныя! Што здарылася ў гэтым годзе, не зразумела. Можа, вы растлумачыце?”

(Сяргей, г. Васілевічы: ) “Хацелася б павіншаваць ад імя ўсіх жыхароў горада Васілевічы народнага пісьменьніка Беларусі Івана Навуменку! 16 лютага яму спаўняецца 80 год. Жадаем яму толькі тое, што ён сам сябе хоча пажадаць, бо больш пажадаць ня зможа ніхто”.

(Мазура Раіса, Навагрудак: ) “Правяраючы маю ўпартасьць, нашыя гарадзкія ўлады мне паабяцалі набыць свабодны дом, калі я яго знайду. Два тыдні з самай раніцы да позьняга вечара, нягледзячы на хворыя ногі, я шукала гэтае жыльлё. І вось калі я яго знайшла і паведаміла ўладам кошт, яны голасна закрычалі: “Гэта дорага!” Хаця ён каштуе 14 тысяч даляраў. У маім доме 11 лютага ў 14 гадзін пры напаленай печцы быў 1 градус мароза. Цяпер усіх нас б’е моцны кашаль і высокая тэмпэратура. І на гэта нашыя гарадзкія ўлады глядзяць з усьмешкай, з поўнай безадказнасьцю. Дзеці школу наведваць ня могуць, хварэюць, настаўнікі імі пагарджаюць. Дзякуй вам за ўвагу”.

(Спадар: ) “Добры вечар, Свабода! На тэрыторыі Расеі знаходзяцца тры студыі радыёстанцыі Свабода, а на тэрыторыі Беларусі нічога няма. Чаму хаця б вакол Беларусі не разьмясьціць перадатчыкі на даступных хвалях ва Ўкраіне, у Польшчы, Літве, Латвіі? І хацелася б бачыць вось у гэтых студыях і чыноўнікаў дзяржаўных, і журналістаў Радыё Свабода. Таму што мы знаходзімся ў поўнай ізаляцыі, нават Позьнера і таго выключылі, не даюць глядзець нават па тэлебачаньні”.

(Маісеенка Генадзь: ) “Шчырае прывітаньне! На пытаньне тыдня ў мяне атрымаўся вось такі адказ. Калі гаманіць па існасьці, мажліва толькі воднае. Помнікі славутым на Беларусі, сыходзячы з сапраўднай яе гісторыі і сапраўднай беларускасьці, то бок калі скарочана, ад Чарадзея да Васіля Быкава, бяз воднага помніка без выключэньня як савецкім дзеячам, так і расейскім памагатым і тым болей яе прэзэнтантам, як Сувораў ці Машэраў, напрыклад. Іх трэба папросту лічыць ворагамі нашага народу. Хай гэта і будзе славутасьці пашана, а злодзею свая кара, па іншаму нельга.

У Расеі ды і ў нас шмат люду так і не ўцяміла сабе, што 9 траўня ня дзень Перамогі, а дзень савецкай акупацыі, яе аднаўленьне. І сапраўдным днём вызваленьня ад фашызму ёсьць 8 траўня, якое сьвяткуюць ва ўсім сьвеце. Таму спадарам вызваліцелям і іх натхнёным нашчадкам трэба сьвяткаваць 8-га, а 9-га без выключэньня ўсім сумаваць па страчанай волі і па нявінных ахвярах савецкай акупацыі, якая згубіла болей люду, чым 2-я сусьветная вайна. Вось гэта і будзе і па праўдзе, і па сумленьні. А па іншаму – ад д’ябла і людзкай подласьці. Такі закон гісторыі чалавечай”.

(Лусевіч Міхаіл: ) “Праслухаў сёньня рэпартаж, як ладзілася акцыя моладзі 14 лютага. І становіцца неяк сумна, што чалавек, адзіны кандыдат, як сказалі, Мікола Статкевіч, пастаялі нешта, паразмаўлялі, пайшлі віншаваць іншых адзіных кандыдатаў, Шушкевіча ды Лябедзьку… І прыходзіш да высновы, што нас чакае сакрушальная параза: усе тыя самыя людзі, уся тая самая абыякавасьць, бо няма ніякага сэнсу…”

(Спадар: ) “Паважанае Радыё Свабода! На пытаньне мінулага тыдня, ці дастаткова гучыць на тэлебачаньні беларуская мова – мой адказ. З тэлеэкранаў і радыё павінна гучаць толькі родная беларуская мова, як ва Ўкраіне гучыць толькі ўкраінская мова. Сёньняшняя ўлада праводзіць лінгвіцыд беларускай мовы, як і зьнішчэньне ўсяго беларускага. Я прынцыпова не ўключаю тэлевізар, каб ня чуць камандзірска-мацернай мовы ўсходняга суседа. Наслухаўся яе за гады службы ў радах непераможнай і легендарнай. Радыё ўключаю дзеля прагнозу надвор’я і слухаю яго да першых словаў на мове ўсходняга суседа. Пачуўшы першыя словы на мове ўсходняга суседа я выключаю радыё. Жыве Беларусь!”

(Мікалай Шышыгін: ) “Добрай раніцы, дарагая, паважаная рэдакцыя Радыё Свабода! Зараз я знаходжуся ў Менску. І я сардэчна запрашаю вас на вечарыну, выставу-імпрэзу, прысьвечаную 66 угодкам вялікага песьняра Польшчы і таксама нашай Беларусі Чэслава Нэмана. Гэтая выстава-імпрэза адбудзецца 16 лютага, як раз у той дзень, калі нарадзіўся вялікі пясьняр, а 17-й гадзіне ў двары нована будынку тэатра Акадэміі Мастацтва, былы тэатральны інстытут. Сардэчна запрашаем вас усіх, хто можа прыйсьці а 17-й гадзіне на чацьверты паверх Акадэміі Мастацтва. Запрашаем і чакаем вас!”

(Генадзь Зямітка, Паставы: ) “Добры дзень! А яшчэ мая маці казала так: Грамніцы – зімы палавіцы”.
XS
SM
MD
LG