Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная воля”: Праваабаронца Ігар Леднік дабіваецца ад пракуратуры ўзбуджэньня крымінальнай справы супраць Аляксандра Лукашэнкі


Падрыхтавала Іна Студзінская Агляд незалежнага друку

“Бобруйский курьер” друкуе артыкул “Фарс альбо легітымны сход?” Нядаўна прайшоў справаздачна-выбарчы сход Бабруйскага гарадзкога саюзу жанчын. Зьмянілася кіраўніцтва – замест выкладчыцы псыхалёгіі Людмілы Буеўскай Саюз жанчын ачоліла загадчыца аддзелу культуры Ленінскага райвыканкаму Ксенія Лапцева. Былое кіраўніцтва Саюзу жанчын лічыць, што на вынікі галасаваньня паўплывала тэлефанаграма з гарвыканкаму, і сярод дэлегатаў апынуліся штатныя ідэолягі. Былая кіраўніца Саюзу жанчын зьбіраецца зьвяртацца ў суд, каб прызнаць вынікі сходу нелегітымнымі.

Бабруйскія ДАІшнікі канфіскавалі на дарозе 504 літры сьпірту, які перавозілі без адпаведных дакумэнтаў.

Сэнсацыйная справа ў бліжэйшыя дні будзе разглядацца у Цэнтральным судзе Менска, паведамляе “Народная воля”. Праваабаронца з Барысава Ігар Леднік дабіваецца ад пракуратуры ўзбуджэньня крымінальнай справы ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі “... па падазрэньні ва злоўжыванні ўладай з мэтай яе захаваньня неканстытуцыйным шляхам”.

“Ці паглядзіць Аляксандр Лукашэнка ў вочы Зінаідзе Ганчар?” Жонка зьніклага палітыка зьвяртаецца праз газэту да кіраўніка дзяржавы з просьбай аб сустрэчы. У гэтым жа нумары – новыя дакумэнты аб знакамітым “расстрэльным пісталеце”, якім, як падазраецца, былі забітыя вядомыя беларускія палітыкі.

Чаму ў Нямеччыне затрымалі беларускі гурт “Краскі”? Журналісты “Народнай волі” даведаліся, што ў дзяўчат ужо не ўпершыню ўзьнікаюць праблемы зь нямецкімі консульскімі службамі.

“Газэта Слонімская” паведамляе, што па выніках мінулага году сярэдні заробак працаўнікоў Гарадзеншчыны cклаў 315 тысяч рублёў. На першым месцы па заробках – работнікі банкаўскай сфэры і страхавых кампаніяў: 563 тысяч у месяц. На апошнім – працаўнікі сяла: у сярэднім яны атрымлівалі 202 тысячы штомесяц. Заўважым, гэта ўдвая менш за прадэкляраваныя кіраўніком краіны 200 даляраў.

Сацыялягічная служба Слонімскага райкаму Партыі камуністаў Беларускай правяла сваё сацыялягічнае дасьледаваньне матэрыяльнага становішча жыхароў горада і раёна. Чвэрць апытаных заявілі аб пагаршэньні свайго матэрыяльнага становішча. Толькі 5,6% жыхароў Слонімшчыны сказалі, што не эканомяць на прадуктах харчаваньня. 91,5% прызналіся, што яны ў той ці іншай ступені эканомяць на ежы.

“Комсомольская правда в Белоруссии” дае вельмі карысныя парады, што рабіць, калі вас хочуць звольніць, і як сябе паводзіць, калі вы падвяргаецеся ў сваім калектыве псыхалягічнай агрэсіі з боку начальніка альбо калегаў.
XS
SM
MD
LG