Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь – у “чорным сьпісе” Кіёцкага пратаколу


Вячаслаў Кулік, Менск 16 лютага ўступае ў сілу Кіёцкі пратакол. Гэта першае міжнароднае пагадненьне, якое абмяжоўвае аб’ём выкідаў парніковых газаў у атмасфэру. Як адзначаюць экспэрты, экалягічны дакумэнт ратыфікаваны ў 140 краінах сьвету. Беларусь пакуль у так званым “чорным сьпісе” руху па захаваньні клімату.

У аснове Кіёцкага пратакола– рынкавы мэханізм. Ён матэрыяльна заахвочвае краіны, якія зьмяншаюць колькасьць шкодных выкідаў у атмасфэру і штрафуе, калі абмежаваньні перавышаныя. Эколягі падлічылі, што поўнае выкананьне гэтага міжнароднага пагадненьня скароціць аб’ём выкідаў на 10 адсоткаў. Клімат стане больш устойлівы.

Як паведаміў радыё Свабода начальнік інспэкцыі па кантролю за аховай атмасфэры міністэрства прыродных рэсурсаў Сяргей Заўялаў, у Беларусі яшчэ ня пройдзены нават шлях унутраных дыялёгаў між ведамствамі.

(Заўялаў: ) “Вядуцца кансультацыі з зацікаўленымі ведамствамі: міністэрствам замежных спраў; міністэрствам энэргетыкі; камітэтам па энэргаэфэктыўнасьці пры Савеце міністраў; камітэтам па дзяржаўнай бясьпецы й Мінпрыроды”.

Кіёцкі пратакол – гэта дакумэнт міжнароднай каапэрацыі. 140 краінаў-удзельніцаў зьмяншаюць выкіды самі й вымушаюць іншых больш клапаціцца аб рацыянальным выкарыстаньні энэргіі й цяпла. Беларусь пакуль у другім, так званым “чорным сьпісе”. Падлічана, што ў сярэднім за год заводы, фабрыкі, электра- і цепластанцыі, транспарт выкідваюць каля 600 тысячаў тон, альбо па 60 кіляграмаў на кожнага жыхара дзяржавы.

Дырэктар нацыянальнага аддзяленьня Міжнароднай акадэміі экалёгіі Яўген Шырокаў называе атручваньне паветра вынікам энэргазатратнай эканомікі, якая на 90 адсоткаў залежыць ад энэрганосьбітаў зь Расеі. Спадар Шырокаў перакананы, што патрабаваньні Кіёцкага пратаколу паскораць разьвіцьцё айчыннай альтэрнатыўнай энэргетыкі й абнаўленьне тэхнічных працэсаў.

(Шырокаў: ) “Наагул, краіна, якая не падпісвае Кіёцкі пратакол, лічыцца варварскай. Выкрываецца варварская пазыцыя ў адносінах да будучага сваёй краіны й плянэты”.

Зь 1 сакавіка ў Беларусі ўводзяцца новыя ліміты здабычы прыродных рэсурсаў, шкодных выкідаў у атмасфэру й забруджваньня сьцёкаў. У адпаведнасьці з пастановай ураду краіны, за перавышэньне даведзеных лімітаў прадпрыемствы будуць разьлічвацца падвоенымі коштамі. Эколягі камэнтуюць гэтыя крокі ўраду, як падпарадкаваньне міжнародным патрабаваньням да краіны з “чорнага сьпісу” Кіёцкага пратаколу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG