Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16 лютага 1757 году нарадзіўся Юльян Нямцэвіч


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 16 лютага

16 лютага 1757 году ў вёсцы Скокі цяперашняга Берасьцейскага раёну нарадзіўся Юльян Нямцэвіч – слынны змагар і пісьменьнік, ад’ютант Тадэвуша Касьцюшкі. Нямцэвіч вучыўся ў Берасьцейскім езуіцкім калегіюме, пасьля ў Варшаўскім кадэцкім корпусе. У часе антырасейскага паўстаньня 1794 году Нямцэвіч разам з Касьцюшкам патрапіў у палон і быў зьняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасьці ў Санкт-Пецярбургу. Пасьля разам са сваім нязьменным камандзірам Нямцэвіч выехаў на нейкі час у Амэрыку. Вярнуўшыся на радзіму, ён браў удзел у паўстаньні 1831 году. Прызнацца, цяжкавата ўявіць сабе паўстанца, якому 74 гады. Тым ня менш, пасьля паразы паўстаньня Нямцэвіч выяжджае на эміграцыю, дзе цалкам прысьвячае сябе літаратурнай дзейнасьці, на што Бог падарыў яму яшчэ 10 плённых гадоў. Апроч раманаў, камэдыяў і патрыятычных песень, Юльян Нямцэвіч пакінуў пасьля сябе яшчэ і мэмуары, у якіх пераказваў сваё надзвычай багатае жыцьцё і распавядаў пра прыгажосьць сваёй радзімы Беларусі.

Таксама 16 лютага ў 1895 годзе нарадзіўся яшчэ адзін знакаміты беларускі вайсковец – Францішак Кушаль. Ён родам зь Пяршаяў пад Валожынам. Як кадравы афіцэр служыў у расейскім і польскім войсках. У часе другой сусьветнай вайны Кушаль рабіў шмат высілкаў, каб у акупаванай немцамі краіне стварыць самастойнае беларускае войска. Пасьля вайны мусіў эміграваць і рэшту жыцьця правёў у Амэрыцы. Быў старшынём Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня. А побач з Кушалем праз усе жыцьцёвыя нягоды ішла разам ягоная жонка – славутая паэтка Натальля Арсеньнева.

16 лютага 1902 году нарадзіўся беларускі паэт Рыгор Мурашка. Ён зь вёскі Бязьверхавічы Слуцкага раёну. Мурашка загінуў у апошнія дні другой сусьветнай вайны, у красавіку 1944-га.

16 лютага 1918 году была абвешчаная незалежная Літоўская рэспубліка. Таму сёньня ў суседняй Літве адзначаецца дзяржаўнае сьвята – Дзень аднаўленьня незалежнасьці.

16 лютага 1942 году нарадзіўся Кім Чэн Ір – сын дыктатара Паўночнай Карэі Кім Ір Сэна і прадаўжальнік ідэяў чу-чхэ. Кім Чэн Ір – жывы прыклад камуністычнае манархіі, калі бацьку на чырвоным троне зьмяняе сын.
XS
SM
MD
LG