Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы штомесяц трапляюць у нямецкія крымінальныя хронікі як злодзеі, рабаўнікі, арганізатары альбо ахвяры гандлю людзьмі


Ул. інф. У розных гарадах Нямеччыны на гэтым тыдні адбудуцца некалькі гучных судовых працэсаў. Сярод тых, хто прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці, – беларускія грамадзяне. Гучнасьць працэсам надае тая акалічнасьць, што яны праходзяць на тле скандалу зь візавымі афэрамі, адказнасьць за якія ўзяў міністар замежных справаў Нямеччыны Ёшка Фішэр. Нагадаю, у выніку візавых афэраў у 2000-2002 гадах у ФРГ й іншыя шэнгенскія краіны трапіла вялікая колькасьць нелегалаў з Украіны, Беларусі, Расеі, Малдовы. Непасрэднае ж дачыненьне да скандалу нібыта мелі супрацоўнікі нямецкіх амбасадаў у Кіеве, Менску, Кішынёве і іншых гарадах.

Паводле назіральнікаў, яшчэ пару год таму нямецкі друк не надаваў столькі ўвагі крымінальнікам з Усходняй Эўропы. А зараз, мяркуючы па інтэрнэтных вэрсіях нямецкіх выданьняў, беларусы штомесяц трапляюць у розныя хронікі як злодзеі, рабаўнікі, арганізатары альбо ахвяры гандлю людзьмі.

Паводле такіх салідных выданьняў як “Neue Zuercher Zeitung”, трафік нелегалаў, сапраўды, павялічыўся – як, дарэчы, і колькасьць мафіёзьнікаў у асяродку немцаў. І ўсё ж прычыну палітычнага скандалу, ініцыяванага ХДС, трэба шукаць у маючых адбыцца выбарах у Фэдэральнай зямлі Паўночны Рэйн-Вэстфалія, дзе традыцыйна моцныя пазыцыі маюць сябры партыі зялёных.

Але непасрэдна да судовых працэсаў. Сёньня ў Аснабруку будуць судзіць трох мужчынаў і дзьвюх жанчын, нямецкіх грамадзянаў, якія у пэрыяд з 1998 па 2002 год мелі непасрэднае дачыненьне да нелегальнага трафіку прастытутак зь Беларусі, Украіны, Расеі. На падставе падробленых запрашэньняў, якія арганізавала гэтая пяцёрка, у Нямеччыну з турыстычнымі візамі трапіла каля 80 маладых асобаў ва ўзросьце ад 18 да 43 год.

Гэтым жанчынам, большасьць зь якіх былі беларускі, абяцалі працу танцорак у начных клюбах. Насамрэч, у выніку іх прымусілі заняцца прастытуцыяй. Большая частка заробленых грошай ішла ў кішэні арганізатараў крымінальнага бізнэсу. Рэшткі дзялілася паміж жанчынамі і саўдзельнікамі ў Беларусі, Украіне, Расеі. Дзякуючы таму, што чатыром дзяўчатам удалося зьбегчы з бардэлю, пра сытуацыю даведалася паліцыя.

У другім працэсе, які распачнецца сёньня ў Вольсбургу, судзяць гандляра відэа, які ад пачатку 2000 году ладзіў гэтак званы “шлюбны бізнэс”. Зфальшаваныя запрашэньні дазвалялі яму выклікаць беларусак і афармляць фіктыўныя шлюбы зь немцамі. У выніку нямецкія мужчыны атрымлівалі хабар у некалькі тысячаў эўра, а жанчыны – від на жыхарства. Апошнім часам арганізатар бізнэсу ўступіў у сапраўдны шлюб з адной зь беларусак, і афэра пачала яшчэ болей квітнець. Сёньня да адказнасьці прыцягнутыя абое. У якасьці пакараньня ім можа пагражаць да 10 год пазбаўленьня волі.

Як піша шэраг нямецкіх выданьняў, падобныя крымінальныя гісторыі апошнім часам сталі звыклай зьявай у Нямеччыне, аднак ці варта вінаваціць у гэтым Фішэра? Дзякуючы ягонай палітыцы па лібэралізацыі візавай палітыкі ў Нямеччыну апошнім часам змагло трапіць шмат і сапраўды сумленных людзей з былога СССР.
XS
SM
MD
LG