Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік маскоўскага Інстытуту краін СНД А.Фадзееў: “Саюзнага бюджэту няма як такога”


Міхал Стэльмак, Менск Пад пагрозай зрыву знаходзіцца правядзеньне чарговай сэсіі Парлямэнцкага сходу Саюзу Беларусі і Расеі. Што спрычынілася да гэтага?

Правядзеньне 27-й па ліку сэсіі Парлямэнцкага сходу Саюзнай дзяржавы было заплянавана на 21 лютага ў Маскве. Засталося менш тыдня – аднак, як зараз высьвятляецца, мерапрыемства зрываецца, бо няма паразуменьня па шэрагу пазыцыяў адносна бюджэту, які меркавалася зацьвердзіць. Вось што патлумачыў на гэты конт кіраўнік менскага прадстаўніцтва Парлямэнцкага сходу Мікалай Канцавы:

(Канцавы: ) “Сытуацыя так склалася, што пакуль не завершаны працэдуры ўзгадненьня. Паколькі бакі зараз узгадняюць праект бюджэта Саюзнай дзяржавы на 2005 год ва ўрадавых структурах Расеі і Беларусі, узьніклі новыя абставіны, якія патрабуюць ўзгадненьня праграмаў і іншых артыкулаў саюзнага бюджэту. Першая прычына ў тым, што зьявіліся новыя прыярытэтныя праграмы. Па-другое, трэба ўдакладніць выдаткі ў сувязі з новымі абставінамі, што зьявіліся, у прыватнасьці, у дачыненьні да адзначэньня 60-х угодкаў Вялікай Айчыннай вайны. І трэцяя акалічнасьць, якая ўскладняе сытуацыю, гэта тое, што расейскі бок перайшоў на новую сыстэму бюджэтнай клясыфікацыі, а беларускі –не. Сэсія плянавалася на 21 лютага, але калі Саюзны бюджэт у гэтыя бліжэйшыя тэрміны ня будзе ўнесены, то гэтую дату давядзецца пераўзгадніць, пераўдакладніць”.

Як вынікае з тлумачэньня прадстаўніка Парлямэнцкага сходу Беларусі й Расеі, дэпутаты надаюць Саюзнаму бюджэту надзвычай сур’ёзную ўвагу. Ці насамрэч ён мае вялікае значэньне для эканамічнай інтэграцыі дзьвюх краінаў?

Трэба зазначыць, што ў адрозьненьне ад Парлямэнцкага сходу, урады Беларусі і Расеі ставяцца да Саюзнага бюджэту калі не абыякава, то досыць фармальна. Напрыклад, калі нацыянальныя бюджэты на 2005 год абедзьве краіны даўно зацьвердзілі, то гэты могуць прыняць толькі заднім днём.

Яшчэ адзін красамоўны факт: заканчваецца люты, а не прааналізавана выкананьне Саюзнага бюджэту за мінулы год з гледзішча эканамічнай эфэктыўнасьці. Я таксама нагадаю, што дагэтуль Беларусь мела праблемы з выкананьнем фінансавых абавязкаў. Як вядома, 65 працэнтаў супольнага бюджэту складаецца з унёскаў Расеі. Але Менск ня цалкам пералічваў сваю й без таго значна меншую суму. І, як мне паведамілі, не зьбіраецца зьліквідаваць ранейшую запазычанасьць. Вось якім меркаваньнем падзяліўся кіраўнік аддзелу Беларусі маскоўскага Інстытуту краін СНД Аляксандр Фадзееў:

(Фадзееў: ) “З майго пункту гледжаньня, саюзнага бюджэту няма як такога. Гэтыя сродкі могуць выкарыстоўвацца рознымі суб’ектамі гаспадараньня дзьвюх краін. Але сама крэдытная лінія ня ёсьць прымальнай. Напрыклад, з прычыны моцнай бюракратызацыі. Трэба запаўняць шмат паперак. Трэба прайсьці шмат інстанцый. Таму гэтыя бюджэтныя сродкі ня могуць разглядацца ў якасьці фактара эканамічнай інтэграцыі, паколькі яны выкарыстоўваюцца выключна ў нацыянальных мэтах. Інакш кажучы, гэтыя сродкі беларускія альбо расейскія прадпрыемствы ўжываюць выключна на ўласныя эгаістычныя мэты. Не выпадкова, што за ўсе гады існаваньня гэтага бюджэту, дакладней каштарысу, гэтыя прадпрыемствы ніякага ўласнага саюзнага прадукту ня вырабілі. Мы ня маем прадукту,які можна было б назваць саюзным. Я не адзін так мяркую, паколькі і ў Беларусі ёсьць тыя, хто згодны са мной і лічаць, што саюзны бюджэт ёсьць нейкі каштарыс”.

Ці мае рацыю расейскі прадстаўнік Інстытуту краін СНД? Прадстаўнікі афіцыйных структураў, як правіла, сваё стаўленьне да бюджэту Саюзнай дзяржавы ня агучваюць. Хаця й асаблівага захапленьня на яго адрас не выказваюць.

Што тычыцца незалежных экспэртаў, то вось што зазначыў на гэты конт вядомы беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў:

(Злотнікаў: ) “Гэты бюджэт невялікі – там дзесьці 80 ці 90 мільёнаў даляраў. Ён значна не ўплывае на эканоміку Беларусі. Але вось калі ўзяць асобныя прадпрыемствы, то там ёсьць такія праграмы, як, напрыклад, “Саюзны тэлевізар”. Я мяркую, што нешта дастаецца нашаму “Гарызонту” ці “Віцязю”. Але можам меркаваць і гэтак. З гэтых 80-90 даляраў трэць альбо палова ідзе на чыноўнікаў гэтага Саюзу. Там ёсьць органы кіраваньня, і на іх утрыманьне ідуць гэтыя грошы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG