Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватныя музэі Беларусі


Севярын Квяткоўскі, Менск – Ракаў – Старыя Дарогі Што паказаць замежніку ў Беларусі? Такім пытаньнем задаюцца многія турыстычныя агенцтвы. Можна прадоўжыць пытаньне: што паказаць беларусам у Беларусі? Пакуль у кабінэтах чыноўнікаў высьпяваюць пляны на разьвіцьцё турызму, некаторыя беларусы рэалізоўваюць уласныя ініцыятывы – ствараюць музэі.

Калі для паспалітага чалавека паход у музэй – гэта найперш пазнавальная забава, дык прафэсіянал успрымае панятак “музэй” так:

(Астаповіч: ) “Музэй у першую чаргу навуковая інстытуцыя. Музэй, архіў, бібліятэка – гэта інфармацыйныя носьбіты. Проста музэй нясе інфармацыю праз прадмет і праз тыя навуковыя распрацоўкі, якія зробленыя на базе дасьледаваньня прадметаў”.

Азначэньне намесьніка дырэктара дзяржаўнага музэю народнай архітэктуры і побыту Антона Астаповіча дасьць нам каардынаты. Мы зможам вызначыць, якія сярод прыватных музэяў лічыць сапраўднымі ў навуковым сэнсе слова, а якія – у шырокім сэнсе. А яшчэ зазначым: каб падлічыць усе прыватныя музэі Беларусі, пальцаў дзьвюх рук больш чым дастаткова. У адрозьненьне ад Эўропы:

(Трусаў: ) “Дзяржаўных музэяў за мяжой вельмі мала. Шмат музэяў муніцыпальных, але яны не зусім дзяржаўныя. Яны належаць гораду, напрыклад. Ну а велізарных прыватных музэяў за мяжой велізарная колькасьць”.

Гэта словы музэязнаўцы Алега Трусава.

***

А мы скіраваліся ў Ракаў, дзе ёсьць ажно два прыватныя музэі – нацыянальных меншасьцяў Вячаслава Рагойшы і краязнаўчы Фэлікса Янушкевіча.

(Янушкевіч: ) “За словам краязнаўства стаіць штосьці павярхоўнае. Павінна быць больш ёмістае слова. Як галіна, мусіць дасьледавацца. Дысэртацыі павінны пісацца доктарскія. Акадэмікі павінны быць у гэтай галіне: грунтоўнае навуковае вывучэньне сваёй тэрыторыі”.

Фэлікс Янушкевіч імкнецца грунтоўна дасьледаваць тэрыторыю колішняга ракаўскага графства. Але наведваньне музэю не ператвараецца ў праслухоўваньне нуднай для абываталя навуковай лекцыі.

(Янушкевіч: ) “Я не разумеў слова “музэйнага”, “экскурсійнага”. Гэта было самапазнаньне сябе. Таму што я многія рэчы тут адкрываў, натуральна, сам. Вось гэты момант адкрываньня Ракава быў зь дзяцінства”.

Цяпер мала што нагадвае, што перад ІІ усясьветнай вайной у Ракаве працавала каля сотні кавярань і яшчэ больш крамак, а само мястэчка лічылася цэнтрам кантрабандыстаў цэлага рэгіёну. Але варта наведаць музэй Фэлікса Янушкевіча, і карціна зьменіцца. За гадзіну экскурсіі наведнік акунаецца ў сьвет, поўны дзівосаў, прыгодаў і незвычайных людзей.

***

(Сабіла: ) “Я нібыта амалоджваюся, трапляючы ў такое асяродзьдзе. Тут сапраўды Беларусь у Беларусі. Трэба дзякуй сказаць Анатолю Беламу за гэтую вялікую працу, якую ён зрабіў”.

Вось уражаньні старога дысыдэнта-баптыста і шчырага патрыёта Беларусі Эрнста Сабілы. Мы знаходзімся ў Старых Дарогах, у музэі сучаснага мастацтва фонду Анатоля Белага. Не інакш, як беларускім пантэонам называюць музэй у бюлетэні гістарычна-культурніцкага клюбу “Спадчына”, які ачольвае Анатоль Белы. Сьцены пакояў вялікага двухпавярховага дому шчыльна – адна да адной – завешаныя карцінамі беларускіх мастакоў: партрэты, пэйзажы... Жывапіс, графіка... Вось мара ўладальніка Анатоля Белага:

(Белы: ) “У ідэале я хацеў бы яшчэ адзін корпус паставіць, каб далі дазвол улады”.

Па словах Анатоля Белага, ён мае больш за тры тысячы экспанатаў, зь якіх выстаўленая толькі траціна.

(Паграноўскі: ) “Вядома, можна пра гэта гаварыць крытычна: карціны адна побач з другой, нібы паркан – немагчыма ўспрымаць. Не зусім прыемна, не зусім правільна гэта ўсё. Цяпер гэта проста памяшканьне, у якім захоўваюцца прадметы мастацтва”.

Так мяркуе мастацтвазнаўства Мікола Паграноўскі, які доўгі час працаваў захавальнікам нацыянальнага мастацкага музэю. Зрэшты, Анатоля Белага праблемы не палохаюць:

(Белы: ) “Я здатны самастойна зрабіць экспазыцыю. Зьняць некалькі асобных твораў, павесіць іншыя... Такой вялікай праблемы няма. Гэта для дзяржаўных музэяў такая ёсьць вялікая праблема. А для мяне няма такой праблемы”.

А Мікола Паграноўскі працягвае думку:

(Паграноўскі: ) “Анатолю Яфімавічу я гэта ўсё дарую. Па-першае, ён ня мае мастацкай адукацыі. З густам, вядома, у яго ёсьць пэўныя праблемы. Але. Вось гэтае ягонае шчырае жаданьне паказаць той зрэз выяўленчага мастацтва – гэта цікава. Я мяркую, міне час, і знойдуцца людзі, якія з гэтага ўсяго зробяць сапраўдны музэй”.

У кожным выпадку, музэй Анатоля Белага – адзінае месца ў Старых Дарогах, куды няспынна прыяжджаюць людзі з усёй Беларусі ды зь іншых краінаў, каб дакрануцца да духу беларушчыны. Каб пабачыць сярод іншага асабістыя рэчы Васіля Быкава, некаторыя зь якіх перадала музэю жонка пісьменьніка Ірына.

***

І, нарэшце, тып музэю, які можна акрэсьліць, як адукацыйна-забаўляльны. Прынамсі, так характарызуе свой кірунак працы Валерыя Клецунова, гаспадыня цэнтру ля вёскі Дудуткі, што ў Пухавіцкім раёне:

(Клецунова: ) “Гэта новая форма атрыманьня інфармацыі, якая выкарыстоўваецца музэямі экатыпу. Не клясычны, статычны, можа, крыху ўтомны спосаб атрыманьня інфармацыі. Але праз гульню, праз пэўныя візуальныя рэчы. Разумееце, чалавек прыйшоў і сам зрабіў гаршчок. І гэты чалавек ніколі ўжо не забудзецца на працэс вырабу керамікі”.

А яшчэ ў Дудутках зьбіраецца калекцыя самагонных апаратаў:

(Клецунова: ) “Мы зьбіраемся трансфармаваць гэтую частку ў больш сур’ёзны музэй хатняй гарэлкі. У нас ужо зробленае раенаваньне, і рэцэпты сабраныя па ўсёй Беларусі. Ну і сам працэс – паказаць і даць пакаштаваць”.

Пакуль рыхтаваўся матэрыял, стала вядома, што паблізу мяжы зь Літвой – у мястэчку Гальшаны – рыхтуецца да адкрыцьця яшчэ адзін прыватны музэй. Музэй гадзіньнікаў. Гадзіньнікаў, якія паказваюць час і сьведчаць, што ўсё зьмяняецца.
XS
SM
MD
LG