Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцу Людмілу Гразнову выклікалі ў Пракуратуру Беларусі


Любоў Лунёва, Менск Сьледчы цікавіўся крыніцамі інфармацыі, якімі спадарыня Гразнова карысталася пры падрыхтоўцы маніторынгу парушэньня правоў чалавека.

Людміла Гразнова паведаміла Радыё Свабода, што сьледчы з аддзелу нагляду за выкананьнем заканадаўства ў СМІ Павал Радзіёнаў цікавіўся, адкуль яна ўзяла інфармацыю для складаньня маніторынгу парушэньня правоў чалавека. На думку праваабаронцы, было б больш лягічна праверыць інфармацыю, выкладзеную ў маніторынгу, і ўжыць меры пракурорскага рэагаваньня да тых, хто парушае грамадзянскія правы ў Беларусі. Людміла Гразнова заявіла Радыё Свабода:

(Гразнова: ) “Цікавіліся, дзе я брала інфармацыю, напрыклад, пра Марыніча, пра фатаздымак, які быў зроблены ў 4-й школе ў часе выбараў. Чаго яны ў мяне пытаюцца, адкуль я ўсё гэта ўзяла, калі яны самі па сваім абавязку, па сваім статуце павінны сачыць за публікацыямі і рэагаваць. Гэта не адзіны факт такога ціску на палітыка. Цяпер гэта носіць характар масавай зьявы, калі ўдзельнікаў дэманстрацыі як сьведкаў выклікаюць у пракуратуру… На маю думку, нешта рыхтуецца. Улада вядзе падрыхтоўку да прэзыдэнцкіх выбараў і робіць “зачыстку” на апазыцыйным полі”.

Сьледчы Павал Радзіёнаў адмовіўся адказаць на пытаньне, чаму празь месяц пасьля публікацыі пракуратура зацікавілася інфармацыяй, выкладзенай у маніторынгу. Сьледчы спаслаўся на забарону ад кіраўніцтва размаўляць з журналістамі і параіў зьвярнуцца ў прэс-цэнтар. Кіраўнік прэс-цэнтру Юры Азаронак даў такі камэнтар:

(Азаронак: ) “Зьвесткі Гразновай грунтуюцца на непацьверджаных юрыдычных зьвестках у часе перад выбарамі. Пракуратура сочыць за выкананьнем заканадаўства ва ўсіх сфэрах, у тым ліку і ў СМІ. Калі людзі публікуюць правераныя і дакладныя зьвесткі, то да іх ня можа быць прэтэнзіяў. Калі ўзьнікаюць сумневы наконт выкладзеных зьвестак, то чалавека запрашаюць і просяць даць тлумачэньні — дзе атрымаў і зь якой мэтай апублікаваў”.

На пытаньне — чаму пракуратура не рэагуе на іншыя публікацыі, напрыклад, аб датычнасьці шэрагу асобаў з атачэньня Аляксандра Лукашэнкі да выкраданьня апазыцыйных палітыкаў — Юры Азаронак пэўнага адказу ня даў.

Людміла Гразнова паведаміла, што выклік у пракуратуру ня стаў для яе нечаканасьцю. Тыдзень таму яе выклікалі ў сьледчае ўпраўленьне наконт удзелу ў вулічнай дэманстрацыі 18 кастрычніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG