Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьнікаў папярэдзілі пра хуткае высяленьне з Дому літаратара


Валянціна Аксак, Менск Папярэджаньнем аб хуткім высяленьні Саюзу пісьменьнікаў з памяшканьняў у будынку па вуліцы Фрунзэ, 5 заканчваецца ліст, які днямі атрымала кіраўніцтва саюзу з адміністрацыі прэзыдэнта. Гэта адказ на зварот шасьці пісьменьнікаў-вэтэранаў вайны з прапановай стварыць у Доме літаратара мэмарыяльны пакой імя Максіма Танка ў былым ягоным кабінэце старшыні Саюзу пісьменьнікаў.

Саюз пісьменьнікаў мае цяпер у Доме літаратара толькі гэты кабінэт з прыёмным пакоем, палову бібліятэкі і тры пакойчыкі для захаваньня дакумэнтаў арганізацыі. Пакідаць гэтыя апошнія свае памяшканьні пісьменьнікі не мяркуюць. Гаворыць старшыня саюзу Алесь Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) “Калі ў гэтым сьвятым гістарычным пакоі будуць офісы бізнэсмэнаў, ці будзе заля рэстарацыі, ні ў мяне як у кіраўніка, ні ў маіх намесьнікаў, ні ў рады Саюзу пісьменьнікаў, ні ў шараговых сяброў саюзу ня будзе асаблівага імпэту наагул прыходзіць у гэты дом, а зрэшты — і прадстаўляць галоўную залю нам на льготных умовах адмовілі”.

Некалькі памяшканьняў пісьменьнікам было пакінута ў Доме літаратара пасьля таго, як у 1997 годзе ўвесь будынак рашэньнем кіраўніка краіны быў перададзены галоўнаму гаспадарчаму ўпраўленьню кіраўніцтва справаў прэзыдэнта. Цяпер пісьменьнікаў змушаюць вызваліць і гэтыя памяшканьні на той падставе, што яны ня маюць ніякіх дакумэнтаў на знаходжаньне ў іх. Вось як патлумачыла гэта прадстаўніца галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня Алена Малая:

(Малая: ) “У нас наяўнасьць уласнасьці вызначаецца рэгістрацыйным пасьведчаньнем. Калі б у іх было такое пасьведчаньне, я думаю, пытаньня ні ў нас, ні ў іх не ўзьнікала б. Ні дамовы арэнды, ні дамовы бязвыплатнага карыстаньня, ні адпаведна права на згаданыя памяшканьні няма… У любым выпадку, знаходжаньне ў памяшканьні павінна быць на падставе нейкага дакумэнту”.

Старшыня Саюзу пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч яшчэ спадзяецца на станоўчае вырашэньне праблемы.

(Пашкевіч: ) “25 лютага ў нас зьбіраецца сход Літаратурнага фонду. Паспрабуем яшчэ раз агульнымі намаганьнямі разабрацца ў гэтай няпростай сытуацыі, паспрабуем давесьці сваю думку — што наагул слова літаратара, а тым больш літаратара франтавіка, павінна ўлічвацца”.

Апрача высяленьня з Дому літаратара Саюзу пісьменьнікаў чыноўнікі пагражаюць спагнаць у судовым парадку 113 мільёнаў рублёў запазыкі за камунальныя паслугі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG