Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Элізабэт Джоўнз лічыць, што Буш і Пуцін будуць абмяркоўваць беларускую тэму ў Братыславе


Валер Каліноўскі, Менск Памочніца Дзяржсакратара ЗША Элізабэт Джоўнз сёньня падчас тэлеканфэрэнцыі зь беларускімі журналістамі заявіла, што, на яе думку, прэзыдэнты ЗША і Расеі падчас лютаўскага саміту абмяркуюць і праблемы дэмакратызацыі Беларусі. У тэлемосьце Менск—Вашынгтон, наладжаным амбасадай ЗША, удзельнічаў наш карэспандэнт.

Памочніца Дзяржсакратара ЗША ў эўрапейскіх справах Элізабэт Джоўнз падчас тэлеканфэрэнцыі выказала “абсалютную перакананасьць”, што мінулыя парлямэнцкія выбары ў Іраку былі нашмат больш свабоднымі і празрыстымі, чым леташні беларускі рэфэрэндум. Нягледзячы на расчараванасьць Злучаных Штатаў шматгадовай адсутнасьцю прагрэсу ў справе дэмакратызацыі беларускага выбарчага працэсу, спадарыня Джоўнз заклікала ўрад А.Лукашэнкі правесьці будучыя прэзыдэнцкія выбары вольна і справядліва. Спадарыня Джоўнз падкрэсьліла, што ЗША будуць працягваць падтрымку незалежнага назіраньня, грамадзянскай супольнасьці і недзяржаўных мэдыяў у Беларусі, нягледзячы на тое, што часам гэта цяжка ажыцьцявіць у цяперашніх умовах.

(Джоўнз: ) “Тым ня менш, ЗША і Эўразьвяз імкнуцца максымальна ўдзельнічаць у гэтай падтрымцы. Напрыклад, у мінулую пятніцу я сустракалася з маімі калегамі са скандынаўскіх і балтыйскіх краінаў для абмеркаваньня пытаньняў міжнароднай палітыкі. І адным з пытаньняў было — як забясьпечыць працяг падтрымкі з боку ЗША і Эўразьвязу грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, з тым каб свабодныя СМІ і грамадзянская супольнасьць у Беларусі змаглі выявіць іншы голас на беларускай палітычнай сцэне цяпер, а таксама перад будучымі выбарамі”.

Адказваючы на пытаньне “Свабоды” пра магчымасьць абмеркаваньня беларускага пытаньня ў часе сустрэчы прэзыдэнтаў ЗША і Расеі 24 лютага ў Братыславе, спадарыня Джоўнз заявіла:

(Джоўнз: ) “Я мяркую, што гэта будзе. І зыходжу з наступных меркаваньняў: пытаньні правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў, палітычных свабодаў, магчымасьці народу вызначаць сваю будучыню, як палітычна гэтак і эканамічна, назвычай важныя для прэзыдэнта Буша. Яны зьяўляюццца падмуркам ягонай сыстэмы каштоўнасьцяў, ягонай палітыкі, у тым ліку замежнай. З названых прычынаў гэтае пытаньне будзе абмяркоўвацца ў пэўных дэталях з прэзыдэнтам Пуціным”.

Гаворачы аб прынятым летась “Акце аб дэмакратыі ў Беларусі”, спадарыня Джоўнз сказала, што гэты закон выконваецца ўрадам ЗША, аднак не змагла паведаміць, калі будуць апублікаваныя рахункі беларускага кіраўніцтва, што прадугледжваецца “Актам аб дэмакратыі”.
XS
SM
MD
LG