Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сапраўды савецкія войскі выконвалі ў Афганістане інтэрнацыянальны абавязак?


Альгерд Невяроўскі, Менск Афіцыйная прапаганда ў Беларусі пры асьвятленьні пэрыяду савецкай акупацыі Афганістану вярнулася да вызначэньняў і фармулёвак камуністычнай эпохі. Вайну зноў называюць “выкананьнем інтэрнацыянальнага абавязку”, а ўдзельнікаў вайны “воінамі-інтэрнацыяналістамі”. Як да гэтага ставяцца беларусы? У чарговую гадавіну вываду савецкіх войскаў з Афганістану гэтыя пытаньні людзям на менскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт.

(Карэспандэнт: ) “Сёньня чарговая гадавіна вываду савецкіх войскаў з Афганістану. Скажыце, як на вашую думку, ці сапраўды савецкія войскі выконвалі ў Афганістане інтэрнацыянальны абавязак? І ці трэба называць удзельнікаў той вайны воінамі-інтэрнацыяналістамі?”

(Спадарыня: ) “Можа, і ня трэба называць іх воінамі-інтэрнацыяналістамі. Але ж вы добра ведаеце, што яны проста былі гарматным мясам. Іх туды пагналі, і яны не маглі адмовіцца. Таму — гэта проста падманутыя людзі, да іх трэба ставіцца з разуменьнем. Мне так здаецца”.

(Спадар: ) “Тады гэта называлася “інтэрнацыянальны абавязак”, а цяпер — самая сапраўдная акупацыя”.

(Спадар: ) “Воінамі-інтэрнацыяналістамі іх трэба называць, і надаваць ім статус вэтэранаў. Але што інтэрнацыянальнага абавязку — я сумняюся, што яны там менавіта яго выконвалі. Тагачасная палітыка Савецкага Саюзу была захопніцкай у адносінах да Афганістану і Чэхаславаччыны”.

(Спадарыня: ) “Я б не сказала, што іх можна назваць героямі. У прынцыпе, краіна паслала. У нас жа ўсё жыцьцё дурняў пасылаюць, і яны робяць камусьці нешта”.

(Спадар: ) “Як называць — я ня ведаю, але думаю, што туды ня трэба было мяшацца. Тым больш, што там былі разборкі між бандамі. І незразумела, за каго было ваяваць”.

(Спадарыня: ) “Воінамі трэба называць, а што ваявалі там — я лічу, няправільна”.

(Хлопец: ) “Я так мяркую, што ў той час яны выконвалі свой салдацкі абавязак. Яны выконвалі загад, і трэба іх паважаць. Пры гэтым у Савецкага Саюзу былі карысьлівыя інтарэсы”.

(Спадар: ) “Ні ў якім выпадку. Хіба можна ў чужым доме наводзіць парадак? Група нейкіх старых прыдумала нешта — і загубіла столькі людзей. Ня толькі нашых. А там колькі мірных жыхароў загінула”.

(Вэтэран афганскай вайны: ) “Мы рабілі сваю работу і тое, што радзіма нам загадала. Мы выконвалі не інтэрнацыянальны, а свой вайсковы абавязак. Гэты абавязак мы выконвалі добра ці дрэнна? Мы падтрымлівалі ня ўрад, які нас туды паслаў, а падтрымлівалі тую краіну”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што на той час, можа, яны і выконвалі тую ролю. Але для мяне гэта бессэнсоўна. Я лічу, што гэтая вайна была для нашай краіны бессэнсоўная. І гэтыя сьмерці таксама ня маюць ніякага сэнсу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG