Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага - 15 лютага


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 15 лютага

“Крыніца”, 1925 год:

“У Слонімскім павеце ёсьць двор Альбэртын, а ў тым двары каталіцкая капліца. Ад нікаторага часу аселі там езуіты быццам дзеля пашырэньня Уніі Касьцёла і Царквы. Яны гавораць навукі па расейску і пашыраюць расейскую літаратуру, словам абмаскальваюць Беларусаў. Ясна, што тут справа нячыстая. Яны ў імя Хрыста капаюць гроб Беларускаму Народу. Беларусы, сьцеражыцеся гэткіх “місьонэраў”!”

“Знамя юности”, 1985 год. Студэнт БДУ М.Нікіцін:

“Цяпер на экранах ідзе амэрыканскі фільм “Спартак”. У афішах значыцца: экранізацыя раману Джаваньёлі. Гэта мяне ўзрушыла. Як можна называць гэтую кінападробку экранізацыяй выдатнага раману, якім зачытваліся рэвалюцыянэры? Рашуча нічога агульнага ня мае “Спартак” Джаваньёлі з амэрыканскім “Спартаком”. Якая прымітыўнасьць, якая недарэчнасьць! І гэтую стужку чамусьці цяпер паўторна выпусьцілі ў кінапракат. Дзеля чаго? Дзеля абы-як, груба, схематычна акрэсьленых агульнагуманістычных ідэалаў, дзеля аднаго імя высакароднага Спартака. Нашым бы майстрам кіно стварыць фільм сапраўды паводле раману Джаваньёлі, пра сапраўднага Спартака — як казаў Маркс, “вялікага генэрала” паўстаньня прыгнечанага народу”.

“Культура”, 1995 год. В.М.:

“Наш прэзыдэнт ўвогуле абыходзіцца са словам-вераб’ём вельмі вольна, той лётае, дзе і як хоча. Ну, хочацца, напрыклад, вераб’ю з ганьбай абазвацца пра “какого-то там коня и меча”, як ён тут жа пырхне ў свет, хоць найгоршаму абэцэдараўскаму гісторыку вядома пра Грунвальд і сімволіку пераможцаў. І хаця каля таго ж коніка і таго ж вершніка з гонарам стаялі суседзі-літоўцы, дзеля якіх і наш верабей прысмірэў і зачырыкаў па-свойску, па-тутэйшаму. Шкада, што візіт быў кароткі…”
XS
SM
MD
LG