Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі на дзяржаўным узроўні адзначаецца дзень памяці ўдзельнікаў вайны ў Афганістане


Ігар Карней, Менск Якраз у гэты дзень 16 гадоў таму завершыўся вывад савецкіх войскаў з Афганістану. Наш карэспандэнт сустрэўся з маці, якія страцілі сваіх сыноў на той вайне.

1984 год стаўся чорным для беларускіх вайскоўцаў, якія былі накіраваныя ў Афганістан. Менавіта тады найбольш актыўна ў Беларусь паступаў “груз 200” — цынкавыя труны, якія забаранялася нават адчыняць… Ніна Навічонак, Валянціна Магілеўчык, Ларыса Ладуцька — гэта толькі тры жанчыны з соцень, якія атрымалі такі “груз” і якія цягам дваццаці гадоў ня могуць зьмірыцца з найвялікшым горам — сьмерцю дзяцей. Згадвае Ніна Навічонак:

(Навічонак: ) “Ігар загінуў у 20 гадоў... У Калодзішчах праходзілі вялікія вучэньні “Захад-81”. Пасьля я паехала ў тыя Калодзішчы, абышла ўсіх — няма сына. Мне параілі пад’ехаць ва Ўручча, адкуль іх адпраўлялі, цягнікі загружалі. Я прыйшла, а мне кажуць: ужо адвезьлі ў Пскоў. А адтуль ужо адправілі ў Афганістан, 150 чалавек. І з гэтых 150, можа, толькі траціна хлопцаў вярнуліся жывымі. Яны ж усе маладыя былі, пасьля школы, лічы. Што яны бачылі ў жыцьці? У 19 гадоў пазабіралі ў армію, непадрыхтаваных, ад парты…”

За дзесяць гадоў афганскай кампаніі беларускія ваенкаматы накіравалі ў той рэгіён 32 тысячы прызыўнікоў. Блізу 800 зь іх загінулі, 12 зьніклі бязь вестак, 700 вярнуліся дадому інвалідамі. Штогоду маладыя вэтэраны той вайны хаваюць па два дзясяткі сваіх сяброў. Сярэдні ўзрост нябожчыкаў — 40–45 гадоў. Як кажуць былыя салдаты, пасьля Афганістану народу памерла болей, чым цягам вайны. Паводле апошніх перапісаў, у Беларусі жыве 21 тысяча ўдзельнікаў той вайны. А родныя кажуць, што пакутавалі ўвесь час аднолькава — і калі сыноў забіралі, і калі іх ня стала. Апавядае Ларыса Ладуцька:

(Ладуцька: ) “Я працавала на трактарным заводзе, і быў у нас такі майстар Чудук. Ён штодня слухаў радыёгаласы і што адбывалася ў Афганістане, усё ведаў. І вось прыходзіць аднойчы, і кажа: “Ларыса Аляксандраўна, хоць і цяжка гаварыць, але гэтая ноч была жахлівая, вельмі шмат хлопцаў загінула. Каб толькі з вашым Сашам усё добра было…” Але, ведаеце, гэта, пэўна, ужо здарылася: ліста я не дачакалася. А потым пачалося, без прычыны: прыйду на працу, сьлёзы льюцца, месца сабе не знаходзіла…Было ўжо прадчуваньне”.

(Навічонак: ) “Так, ва ўсіх такое было прадчуваньне…”

Сваякі забітых на афганскай вайне кажуць, што цяпер даводзіцца жыць з адчуваньнем нейкай вінаватасьці. Але ці вінаватыя насамрэч іхныя дзеці, у якіх пра мэтазгоднасьць удзелу ў той вайне ніхто не пытаўся?

(Ладуцька: ) “Што, мае мілыя, крыўдна... Удзельнікі айчыннай вайны, я згодная — яны ваявалі, трэба іх паважаць і шанаваць. Але ж ня трэба і гэтых хлопцаў забываць. Толькі мы вінаватыя засталіся. Як Валянціна Харытонаўна кажа: ніхто не вінаваты, толькі мы вінаватыя. Цяпер толькі ходзіш, зубы сьцісьнеш, баісься лішні раз рот разявіць — можа, каму не дагадзіш, ня так скажаш. Старасьць прыходзіць. Натуральна, мы і псыхаватыя, і іншыя — а як інакш? Такі стрэс перажыць! Што мы, нармальныя людзі, нармальныя будзем мамы?”

(Магілеўчык: ) “Сапраўды, зусім дзяцей яшчэ адправілі — у чужую краіну пры тым. Гэта ж ня тое, што за сваю радзіму…”

Апошнім забітым на афганскай вайне быў беларус Ігар Ляхневіч. Ён загінуў падчас вываду савецкіх войскаў у лютым 1989 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG