Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Газэта Выборча” падкрэсьлівае вялікі энтузіязм маладых беларусаў падчас акцыі “Сэрца Эўропы”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Пра сьвяткаваньне дня сьвятога Валянціна ў Менску паведамляе 15 лютага шэраг польскіх мэдыяў.

Карэспандэнт “Газэты Выборчай” паведамляе зь Менску, што акцыя на Кастрычніцкай плошчы, у часе якой апазыцыянэры раздавалі мінакам блакітныя стужкі – а гэты колер, як піша газэта, спасылаючыся на ўдзельнікаў акцыі, стане колерам беларускай рэвалюцыі – не цягнулася доўга: пры дапамозе грузавікоў і аўтамабіляў, якія чысьцяць вуліцы ад сьнегу, маладых людзей выгналі з пляцу міліцыянты.

Польскі штодзёньнік піша, што маладых беларусаў, якія наведвалі дыпляматычныя прадстаўніцтвы замежных краінаў, каб перадаць ім адмысловае пасланьне, сардэчна вітаў пасол Францыі, прычым, як адзначае газэта, за апазыцыянэрамі ўвесь час ехалі людзі з КГБ, а міліцыянты беспасьпяхова спрабавалі не пусьціць моладзь у будынак амбасады.

“Газэта Выборча” падкрэсьлівае вялікі энтузіязм маладых беларусаў, якія вераць, што пасьля перамогі дэмакратыі ва Ўкраіне тое самае адбудзецца і ў Беларусі.

Пра акцыю “Сэрца Эўропы” паведамляе таксама Польскае прэсавае агенцтва і шэраг буйнейшых інфармацыйных інтэрнэт-парталаў.
XS
SM
MD
LG