Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзьдзю й судовага выканаўцу пакаралі за хабарніцтва 10 і 8 гадамі зьняволеньня


Казімір Яноўскі, Гомель У Гомелі на 10 гадоў пазбаўленьня волі пакараны судзьдзя Навабеліцкага раённага суду Валянцін Кручкоў. Судовы выканаўца гэта ж суду спадар Малахаў атрымаў 8 гадоў зьняволеньня.

Судзьдзю Кручкова і судовага выканаўцу Малахава пакаралі за хабарніцтва. Наколькі вядома, судзьдзя праз судовага выканаўцу прыватным чынам вырашаў праблему вяртаньня валютнага доўгу аднаго гамельчука другому. Аднак справа гэта афіцыйна праз канцылярыю суду не праходзіла.

За дапамогу судзьдзя атрымаў дзьве сотні даляраў. Хабар перадаваў судовы выканаўца, які, дарэчы, раней працаваў у міліцыі. Пры атрыманьні валютнага ўзнагароджаньня ў другі раз судзьдзя і папаўся.

Вярхоўны суд пакараў свайго калегу з раённага суду 10 гадамі зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Судовы выканаўца асуджаны да 8 гадоў пазбаўленьня волі.

Які розгалас мела гэта судовая справа ў горадзе? Калі судзьдзі за 200 даляраў бяруцца ў сваіх габінэтах вырашаць нейкія пытаньні не па закону, то гэта ня толькі не дадае аўтарытэту, але і дыскрэдытуе суды. Гамельчукі мяркуюць так: калі за сотню-другую ў судзе можна вырашыць у абход закону нейкую праблему, то што ў такім разе ёсьць суд?

Зьвярнулі ўвагу некаторыя гамельчукі і на жорсткасьць пакараньня. За 200 даляраў судзьдзя Кручкоў атрымаў 10 гадоў пазбаўленьня волі. Для параўнаньня, былая кіраўніца спраў адміністрацыі прэзыдэнта Галіна Жураўкова, карыстаючыся сваімі службовымі паўнамоцтвамі, паводле змовы зь іншымі асобамі прысвоіла 3 мільёны даляраў. Вярхоўны суд пакараў яе толькі на 4 гады зьняволеньня. Такая вось розьніца што да выракаў у дачыненьні начальнікаў і зьдзіўляе гараджанаў.

Звычайныя людзі, як лічыць старшыня рэгіянальнага аддзяленьня БХК Алесь Яўсеенка, цяпер надзвычай безабаронныя. У судах яны не заўсюды знаходзяць справядлівасьць:

(Яўсеенка: ) “Людзі зараз не абаронены ніякім чынам. Той, хто мае рацыю, не заўсёды праз суд можа атрымаць абарону. Перамогу можа атрымаць той, у каго большы блат, знаёмствы альбо болей грошай”.

Гомельскія палітыкі і грамадзкія актывісты зьвяртаюць увагу, што суды апошнім часам выкарыстоўваюцца дзеля здушэньня апанэнтаў цяперашняга рэжыму. Любая ўлётка, публічнае слова а тым больш мітынг караюцца надзвычай буйнымі штрафамі, адміністрацыйнымі арыштамі і нават крымінальнымі перасьледам. Суды ў гэтым працэсе адыграюць даволі нэгатыўную ролю, чым спрыяюць усталяваньню неправавой дзяржавы. Гаворыць Віктар Карнеенка:

(Карнеенка: ) “Гэта прыкмета таго, што ў Беларусі няма той самай прававой дзяржавы. Фактычна, з 1994-га году гэты працэс запушчаны ў нейкае такое некіруемае рэчышча. Законы падменены ўласнымі інтарэсамі”.

У такіх варунках хабарніцтва ў судах – даволі красамоўны паказьнік.
XS
SM
MD
LG