Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Іраку падведзеныя вынікі выбараў


Юры Дракахруст, Прага 14 лютага ў Іраку былі падведзеныя вынікі агульнанацыянальных парлямэнцкіх выбараў, якія прайшлі 30 студзеня. Найбольшую колькасьць галасоў – амаль палову – атрымаў Аб’яднаны шыіцкі альянс, кіраваны вялікім аяталай Алі Аль-Сістані. На другім месцы з 26 працэнтамі галасоў апынуўся блёк курдзкіх партыяў. Нарэшце, трэцяе месца, набраўшы 14% галасоў, заняў блёк, кіраваны часовым прэм’ер-міністрам Іраку Аядам Аляўі.

Прадстаўнік ірацкага ўраду Маафак Аль-Рубаі падкрэсьліў, што вынікі галасаваньня засьведчылі палітычны плюралізм у краіне.

(Аль-Рубаі: ) “Гэта зьмена самай гісторыі Іраку. Упершыню ў гісторыі нацыі , калі людзі прагаласавалі свабодна і калі была палітычная канкурэнцыя. Гэта свабодныя і справядлівыя выбары”.

Канчатковыя вынікі галасаваньня будуць абвешчаныя ў бліжэйшыя дні, павінны быць разгледжаныя ўсе скаргі, але расстаноўка сілаў ужо больш менш зразумелая. Сапраўды, ніводная з палітычных групаў не набрала абсалютнай большасьці галасоў. Амаль палова 48% была адданая за Аб’яднаны шыіцкі альянс. Чакаецца, што менавіта гэты блёк будзе фармаваць урад, прынамсі ягоны прадстаўнік паўстане на чале ўраду. Але для фармаваньня ўстойлівага ўраду альянсу не хапае некалькіх галасоў.

Ня выключана, што альянс створыць кааліцыю з блёкам курдскіх партыяў, якія набралі больш за чвэрць галасоў. Курды ўжо заявілі, што будуць прэтэндаваць на пасаду прэзыдэнта краіны.

Але магчымыя і іншыя кааліцыйныя камбінацыі: прынамсі, альянс можа заключыць пагадненьне з невялічкімі партыямі, якія не ўвайшлі ў лідэрскую тройку, але ўсё ж патрапілі ў парлямэнт. У сваю чаргу, экспэрты зьвяртаюць увагу на ўрачысты прыём, які на мінулым тыдні курды аказалі Аяду Аляўі – часоваму прэм’ер-міністру краіны, сьвецкаму шыіцкаму палітыку. Такая кааліцыя таксама магчымая.

Іракцім палітыкам зараз даводзіцца засвойваць няпростую навуку ўзгадненьня інтарэсаў у межах дэмакратычнай працэдуры. Акрамя таго, ім давядзецца неяк улічваць інтарэсы значнай канфэсійнай групы – сунітаў, якія ў большасьці байкатавалі выбары 30 студзеня. Зараз гаворыцца пра магчымасьць уключэньня ва ўрадавыя структуры ўплывовых суніцкіх палітыкаў.

Нягледзячы на адсутнасьць у іракцаў досьведу жыцьця ва ўмовах дэмакратыі, кіраўнік папулярнага багдадзкага радыё Ахмад Аль-Рыкабі мяркуе, што згода паміж пераможцамі на студзеньскіх выбарах ўсё ж будзе знойдзеная.

(Аль-Рыкабі: ) “Усе гэтыя групы, якія мы бачым сёньня, усе яны былі часткамі ірацкай апазіцыі. Яны разам працавалі шмат гадоў і добра ведаюць адзін аднаго. Я мяркую, што тое, што мы ўбачым у будучыні, будзе падобна да таго, што мы бачылі раней. Адносіны былі няпростымі, але нягледзячы на супярэчнасьці, яны ніколі не спынялі ўзаемадзеяньня”.

Галоўная задача нацыянальнага сходу Іраку цяперашняга скліканьня – сфармаваць часовы ўрад, які падрыхтуе Канстытуцыю краіны. Калі яна будзе прынятая, у канцы гэтага года ў Іраку пройдуць новыя выбары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG