Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкасьць патрабуе прызнаць факт расстрэлу беларускіх грамадзянаў у Трасьцянцы яшчэ за савецкім часам


Алег Грузьдзіловіч, Менск Фонд “Трасьцянец”, ініцыятыва “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты”, аб’яднаньне “Дыярыуш” ды іншыя грамадзкія арганізацыі Беларусі патрабуюць ўвекавечыць памяць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, якія пахаваныя ў Трасьцянцы пад Менскам.

Ва ўсім сьвеце ведаюць пра Курапаты, дзе ляжаць дзесяткі тысячаў ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Але дасьледчыкі перакананыя: масава расстрэльвалі людзей ня толькі там. Сярод іншых называюць Трасьцянец – пасёлак пад Менскам, дзе ў часы другой сусьветнай вайны быў фашыстоўскі канцлягер зьнішчэньня габрэяў з усёй Эўропы. Паводле старшыні фонду “Трасьцянец” Яўгена Цумарава, яшчэ да прыходу ў Менск фашыстаў зьнішчаць людзей там пачалі савецкія чэкісты.

(Цумараў: ) “Там, у Трасьцянцы, стаялі вайсковыя часьці, а вакол быў лес. Вельмі зручнае месца для расстрэлу тых вязьняў, каго паводле рашэньня ЦК КПБ павінны былі вывезьці альбо ліквідаваць. Але ад людзей праўды не схаваеш. Ёсьць сьведкі, якія гатовыя паказаць гэтыя месцы расстрэлаў, але мы ня маем права праводзіць раскопкі”.

Паводле дасьледчыкаў, у першыя дні вайны кіраўніцтва Кампартыі Беларусі вырашыла зьнішчыць усіх вязьняў менскіх турмаў, сьледчых ізалятараў і нават тых вольных яшчэ людзей, на каго ўжо зьбіралі сакрэтныя дасье. Апэрацыю правялі за лічаныя гадзіны. Частку зь іх зьнішчылі ў Трасьцянцы – гэта больш за 4 тысячы чалавек, лічыць гісторык Ігар Кузняцоў.

Цяперашнія беларускія ўлады гэтага прызнаваць ня хочуць, і таму патрэбная настойлівасьць грамадзкасьці. “Асацыяцыя ахвяраў палітычных рэпрэсіяў”, аб’яднаньне “Дыярыуш”, ініцыятыва “За захаваньне мэмарыялу Курапаты”, фонд “Трасьцянец” ды іншыя арганізацыі ў бліжэйшы час накіруюць запыт у КГБ з просьбай пацьвердзіць згаданыя факты.

Пакуль ва ўсей Беларусі ўлады прызналі толькі чатыры месцы масавых расстрэлаў – у Курапатах, а таксама пад Віцебскам, Воршай і Мазыром. Аднак за апошнія 10 гадоў нічога ня зроблена, каб увекавечыць памяць людзей, якія там загінулі, нагадвае сябра міжнароднай арганізацыі “Мэмарыял” Ігар Кузьняцоў.

(Кузьняцоў: ) “Камень-валун, які быў ўсталяваны ў Курапатах, з надпісам, што на гэтым месцы ў адпаведнасьці з пастановай Савета Міністраў ад 18 студзеня 1989 года будзе ўсталяваны помнік ахвярам палітычных рэпрэсіяў, – гэта ўсё, што зрабіла ўлада, прычым зрабіла да 1994 году. Мала таго, мінулым летам і гэтая шыльда зьнікла. Такім чынам, апошні напамін пра тое, што ўлада абяцала зрабіць, зьнік”.

Прадстаўнікі грамадзкасьці Беларусі будуць зьвяртацца да міжнародных арганізацыяў па дапамогу, заявіў Ігар Кузьняцоў. На ягоную думку, усталяваньне ў Трасьцянцы й іншых месцах помнікаў альбо мэмарыяльных знакаў аб ахвярах палітычных рэпрэсіяў – справа гонару грамадзянаў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG