Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне прайшла беларуска-нямецкая канфэрэнцыя па пытаньнях аздараўленьня чарнобыльскіх дзяцей за мяжой


Алесь Дашчынскі, Нямеччына “Выезд дзяцей зь Беларусі на аздараўленьне за мяжой будзе працягнуты” – такую рэзалюцыю прынялі ўдзельнікі беларуска-нямецкай партнэрскай канфэрэнцыі, якая адбылася ў Гезэке ў Нямеччыне. На якой падставе была зробленая такая заява?

Выказваньні кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, які запатрабаваў скараціць выезд дзяцей на аздараўленьне за мяжой, выклікалі пратэст у Беларусі й за мяжой. На ўрадавым узроўні эўрапейскія краіны выказалі заклапочанасьць такімі плянамі беларускага кіраўніцтва. Была нават спроба паўплываць на кіраўніцтва Беларусі праз прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна.

Менавіта тэма працягу аздараўленьня беларускіх дзяцей за мяжой стала асноўнай на трохдзённай канфэрэнцыі ў нямецкім Гэзэке, на якую сабраліся каля 450 удзельнікаў з Беларусі й Нямеччыны. На яе запрашаліся таксама дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і кіраўніцтва дэпартамэнта па гуманітарнай дзейнасьці. Аднак бальшыня афіцыйных асобаў гэтую канфэрэнцыю праігнаравала.

Ад афіцыйнага Менску на ёй выступілі намесьнік міністра замежных справаў Аляксандар Міхневіч і юрыст дэпартамэнта па гуманітарнай дзейнасьці Аксана Пятрэня. Яны заявілі, што аздараўленьне дзяцей за мяжой і ў будучым будзе прывітана беларускім урадам і знойдзе працяг у тым маштабе, які меў месца дагэтуль.

Са свайго боку ўдзельнікі канфэрэнцыі ў Гезэке заявілі аб праве бацькоў і пацярпелых ад радыяцыі яднацца, каб самастойна арганізоўваць адпачынак сваіх дзяцей. Задача дзяржавы пры гэтым – патлумачваць рамкавыя ўмовы і ствараць свабоду для дзейнасьці такіх ініцыятываў.

У выніковай рэзалюцыі ўдзельнікі канфэрэнцыі адзначылі, што дзіцячы адпачынак стаў асновай супрацы больш чым 600 беларуска-нямецкіх ініцыятываў. Яны заклікалі ўлады Беларусі й Нямеччыны зрабіць усё магчымае для таго, каб “дзеці Чарнобыля” маглі выяжджаць на аздараўленьне ў далейшым, каб не разбураліся раней узьведзеныя масты міру, каб пасьпяховая праца паміж людзьмі і недзяржаўнымі ініцыятывамі захоўвалася і адпаведна падтрымлівалася.

На партнэрскай канфэрэнцыі ў Гэзэке дэпутат Палаты прадстаўнікоў Марахін зачытаў зварот старшыні Палаты Уладзімера Канаплёва. Афіцыйны Менск запрасіў грамадзянскія ініцыятывы паўдзельнічаць у выставе сумесных праектаў, якую плянуецца правесьці ў памяшканьні парлямэнта 26 красавіка.

Са свайго боку прадстаўнікі ўладаў Нямеччыны абвясьцілі аб пачатку трэцяй фазы праграмы падтрымкі Беларусі, разьлічанай на бліжэйшы час. На гэтую праграму плянуецца выдзеліць каля 2,5 мільёнаў эўра.
XS
SM
MD
LG