Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імпрэза да юбілею Валянціна Тараса мае адбыцца сёньня ў Менску ў будынку Дому літаратара


Севярын Квяткоўскі, Менск Вядомага пісьменьніка павіншуюць зь сямідзесяціпяцігодзьдзем, а сам юбіляр прэзэнтуе сваю новую кнігу “На высьпе ўспамінаў”. Тым часам Валянцін Тарас асьцерагаецца, што ягоная вечарына можа стацца апошнім прывілеем колішніх гаспадароў будынку. І ў далейшым сябрам Саюзу пісьменьнікаў давядзецца арандаваць залю на агульных падставах, і толькі за грошы.

Вось як сам Валянцін Тарас тлумачыць свае асьцярогі:

(Тарас: ) “Працягваецца ціск на Саюз пісьменьнікаў, каб мы пакінулі сваё памяшканьне. Мы не гаспадары ў сваім доме, і нас хочуць пазбавіць апошніх двух пакояў, якія ў нас ёсьць. Ствараецца такое ўражаньне, што некаму хочацца, каб наогул зьнік гэты Саюз пісьменьнікаў”.

У 1997 годзе Вышэйшы гаспадарчы суд перадаў будынак ва ўласнасьць Адміністрацыі прэзыдэнта. Цягам васьмі гадоў колькасьць памяшканьняў, якія займалі літаратары, зьменшылася да двух. Час ад часу паэтам і празаікам дазваляюць бясплатна ладзіць вечарыны. Але такую магчымасьць мае ня кожны.

(Тарас: ) “У нас незаконна яго адабралі, таму што гэты будынак будаваў яшчэ Саюз пісьменьнікаў СССР, яшчэ Літфонд СССР”.

(Карэспандэнт: ) “А што ж тады рабіць?”

(Тарас: ) “Няма гаворкі… Калі мы страцім гэты вось прытулак у Доме літаратара, нам проста няма дзе зьбірацца”.

А сапраўды, якія засталіся магчымасьці, каб ладзіць культурніцкія імпрэзы? У выпадку з Саюзам пісьменьнікаў важны маральны аспэкт. Літаратары хочуць мець права зьбірацца ў будынку, да якога прызвычаіліся і на які – упэўненыя – маюць права. Але застаюцца камэрцыйныя падыходы. Я сам рыхтую ўласную кніжку – зборнік эсэ. Я пацікавіўся ў адміністрацыі Дому літаратара, ці можна арандаваць актавую залю для прэзэнтацыі. Мне адказалі: “Можна, гадзіна каштуе восемдзесят тысяч рублёў...”

Зрэшты, нават камэрцыйныя ўстановы часам баяцца даваць права арэнды залі. Можна прыгадаць гісторыю навучэнцаў рэпрэсаванага “Коласаўскага” ліцэю, якія толькі з трэцяга разу зладзілі прэзэнтацыю свайго музычнага кампакт-дыску ў адным з клюбаў Менску. Нягледзячы на аплату, уладальнікі клюбу баяліся непрыемнасьцяў і пільнавалі, каб у залі не было нацыянальнай сымболікі.

Агульная сытуацыя пагоршылася праз боязь гаспадароў установаў, дзе можна ладзіць імпрэзы. Вельмі красамоўны прыклад Артура Клінава, які зладзіў прэзэнтацыю чарговага нумару альманаху “Партызан” у электрычцы, а пасьля на лясной паляне. Артур Клінаў тлумачыць сытуацыю негалоснай устаноўкай чыноўнікаў:

(Клінаў: ) “Незалежныя выданьні не пускаць на тэрыторыю публічных дзяржаўных установаў”.

Што да Саюзу пісьменьнікаў, пакуль што не атрыманае пацьверджаньне на творчую вечарыну Рыгора Барадуліна, які праз тыдзень сьвяткуе семдзесят гадоў, а на пачатак сакавіка плянуе прэзэнтацыю кніжкі перакладаў вершаў аднаго зь лідэраў чачэнскага супраціву Зелімхана Яндарбіева.

Ці не пабаіцца адміністрацыя Дому літаратара ды якой-кольвек іншай дзяржаўнай установы даць месца для такой імпрэзы? У кожным выпадку, варта спадзявацца, што сёньняшняя імпрэза Валянціна Тараса пачнецца ў Доме літаратара, як і заплянавана – у 18.30.
XS
SM
MD
LG