Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 лютага 1916 году ў Вільні выйшаў першы нумар газэты “Гоман”


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 15 лютага

15 лютага ў Беларусі традыцыйна адзначаюцца Грамніцы або Стрэчаньне, земляробчае сьвята сустрэчы зімы і лета. Першая назва, як мяркуюць, пайшла ад паганскага бога Грамаўніка, які ўтварае веснавыя навальніцы і дажджы. Людзі казалі – “На Грамніцы – паўзіміцы” або “Як прыйдуць Грамніцы – скідай рукавіцы”. А другая назва – Стрэчаньне – паходзіць ад царкоўнага “Срэценьня”, якое народ перарабіў на простае і зразумелае:

А ў нас сёньня Стрэчаньне, Стрэчаньне, Зіма зь летам стрэлася, стрэлася Лета зіму піхнула, піхнула І ножачку зьвіхнула, зьвіхнула Зіма пайшла плачучы, плачучы, Лета пайшло скачучы, скачучы.

15 лютага 1857 году ў Бэрліне памёр знакаміты кампазытар Міхал Глінка, заснавальнік расейскай клясычнай музыкі. Паходзіў Глінка са старажытнага беларускага шляхецкага роду герба “Тшаска“. Ягоны продак Віктарын Уладзіслаў валодаў маёнткам у Смаленскім ваяводзтве, а падараваў яму той маёнтак кароль і вялікі князь Уладзіслаў IV. Дык вось гэты Віктарын у 1650 годзе перайшоў у расейскае падданства і стаў заснавальнікам расейскай галіны роду. І сам кампазытар зьявіўся на сьвет на Смаленшчыне. Найбольш вядомыя творы Глінкі – опэры “Жыцьцё за цара, або Іван Сусанін” і “Руслан і Людміла”.

Між іншым, у опэрах Глінкі сьпявала і Ларыса Александроўская, якая нарадзілася 15 лютага ў 1904 годзе. Яна – ці ня самая славутая беларуская опэрная сьпявачка, чый творчы росквіт прыпаў на сталінскую эпоху. Да таго ж, Александроўская была кіраўніцай галоўнага тэатру краіны – Менскай опэры.

15 лютага 1916 году ў Вільні выйшаў першы нумар газэты “Гоман”. “Гоман” выходзіў два разы на тыдзень лацінкай і кірыліцай і быў галоўнай на той час беларускай газэтай. Выдавалі яго тыя самыя людзі, якія перад тым выдавалі “Нашу Ніву”.

15 лютага 1989 году ў 10.30 расейскі генэрал Громаў апошні перайшоў мост цераз раку Аму-Дар’ю на мяжы СССР і Аўганістану. Так завяршылася неабвешчаная вайна, якая доўжылася крыху болей за 9 гадоў. За час вайны ў Аўганістане перабылі больш за 700 тысячаў савецкіх вайскоўцаў. Каля 15 тысяч зь іх загінулі, 6 тысячаў памерлі пазьней – ад ранаў. Увогуле параненыя былі амаль 50 тысяч вайскоўцаў. 311 чалавек прапалі бязь вестак.
XS
SM
MD
LG