Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Прыпіскі” ў Нацыянальным сходзе Беларусі?


Уладзімер Глод, Менск Праблема прызнаньня Нацыянальнага сходу Беларусі існуе ўжо не адзін год – яна ўзьнікла фактычна адразу пасьля скасаваньня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. Да гэтага часу міжнародныя парлямэнцкія структуры, парлямэнты многіх краінаў ня бачаць падстаў лічыць Нацыянальны сход легітымным. У сваю чаргу, беларускія дэпутаты актыўна намагаюцца прызнаньня з боку замежных калегаў. І гэта ў рэшце рэшт прывяло да своеасаблівых прыпісак.

Як высьветлілася, многія рабочыя групы ў справе супрацоўніцтва Нацыянальнага сходу Беларусі з парлямэнтамі іншых краінаў існуюць толькі на паперы. З гэтай нагоды сёньня ў Палаце прадстаўнікоў пройдзе адмысловая нарада з кіраўнікамі, намесьнікамі і сакратарамі рабочых групаў Нацыянальнага сходу. Паколькі сьпікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў цяпер адпачывае на вядомым чэскім курорце Мар’янскэ Лазьне, то весьці паседжаньне будзе ягоны намесьнік – Сяргей Забалоцец.

Афіцыйна Нацыянальны сход мае групы супрацоўніцтва з 59 парлямэнтамі сьвету. Гэта значыць, што ў Міжпарлямэнцкім саюзе, які аб’ядноўвае больш за 150 дзяржаў, Беларусь кантактуе толькі з адной іх трацінай. Мала...

Ну а пасьля сёньняшняга паседжаньня сытуацыя яшчэ пагоршыцца: прапануецца скараціць колькасьць рабочых групаў зь 59 як мінімум да 40. Бо амаль два дзесяткі такіх структураў цягам апошняга году існуюць фактычна толькі на паперы. А выпадковым кантактам асобных парлямэнтароў нават у Менску ня ўсе прыдаюць статус сталых. Хаця з гэтым не пагаджаецца кіраўнік міжнароднай камісіі Савета Рэспублікі Мікалай Чаргінец:

(Чаргінец: ) “У нас, у Нацыянальным сходзе, існуюць 59 адмысловых групаў у справе супрацоўніцтва з парлямэнтамі іншых краінаў. Але сёлета колькасьць такіх групаў зь ініцыятывы Палаты прадстаўнікоў скароціцца. Палата зыходзіць з таго (і з гэтым можна пагаджацца альбо не), што апошнім часам было мала кантактаў, альбо іх наагул ня было. Але я не ўяўляю сабе, чаму мы ня можам мець групу супрацоўніцтва з парлямэнтам Вялікай Брытаніі. Менш за год таму я быў там на іхнае запрашэньне, наведваў Палаты лордаў і абшчынаў. Мы там сустракаліся і з Тэры Дэйвісам і Джорджам Брусам”.

Перадусім удакладню, што абедзьве ўзгаданыя спадаром Чаргінцом асобы – добра вядомыя палітыкі. Тэры Дэйвіс цяпер – Генэральны сакратар Рады Эўропы, а Джордж Брус сёньня ганаровы старшыя Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.

Зь якімі ж краінамі найбольш часта кантактуюць сябры Нацыянальнага сходу Беларусі менавіта на парлямэнцкім узроўні? На першым месцы, безумоўна, Дзярждума Расеі. А далей у гэтым сьпісе – Куба, Кітай, Туркмэністан...

Але самыя цёплыя стасункі маглі быць з парлямэнтам Баўгарыі. У Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня, акрамя звычайнай рабочай групы, з падачы Міхаіла Орды ўтварылі нават асобную фракцыю – “Сябры Баўгарыі”. І што цікава, яна была самой буйной ў палаце. Чаму? Ды таму, што спадар Орда паабяцаў: кожны сябра групы абавязкова зьезьдзіць у Сафію ды іншыя гарады. І запісаліся да яго аж 67 дэпутатаў – больш за палову ўсёй палаты! Калі я пра гэта пачуў, то палічыў за жарт. Але ж не, усё так і было насамрэч... Што й пацьвярджае дэпутат той кадэнцыі Сяргей Скрабец:

(Скрабец: ) “Там такое было. Я ж сам быў сябрам гэтай групы. Калі ўжо дамовіліся ехаць, дык Канаплёў забараніў. На яго погляд, там не было чаго рабіць. А зьбіралася чалавек 20 цягніком ехаць. Там пра ўсё дамовіліся, баўгары павінны былі сустрэць, усё рабілася за іх кошт і г.д.”
XS
SM
MD
LG