Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусь” у сінім сэрцы на віцебскім сьнезе


Браніслава Станкевіч, Віцебск У дзень сьвятога Валянціна ў Віцебску маладафронтаўцы намалявалі на сьнезе для ўсіх жыхароў горада вялікае сэрца з надпісам “Беларусь”, а моладзевая суполка “Новая плынь” вырабіла некалькі соцень “валянцінак” з надпісам “Сьвятла, цяпла, любові!”

Жыхары віцебскага праспэкту Будаўнікоў назіралі, як сябры маладога фронту рыхтавалі для іх віншаваньне з Днём сьвятога Валянціна. Апоўдні на сьнезе пад іхнымі вокнамі зьявіўся сіні контур вялікага сэрца з надпісам “Беларусь” у сярэдзіне.

Як распавёў Павал Севярынец, сіні колер мусіў сымбалізаваць еднасьць з Эўразьвязам, а таксама тое, што Беларусь павінна быць у сэрцы кожнага.

(Севярынец: ) “Гэтая акцыя мае назву “Сэрца Эўропы” – у Віцебску Малады фронт вырашыў адзначыць Дзень сьвятога Валянціна маляваньнем вялікага сэрца – прыблізна 70 квадратных мэтраў. Ягоны контур – гэта недзе 250 мэтраў, і яго трэба зафарбаваць. На гэта пайшло каля 100 літраў фарбы. Сінька, бутэлькі плястыкавыя, нас пяцёра – і наперад! Сэрца на сьнезе, якое бачаць тысячы жыхароў гэтага мікрараёну! Зблізку яго не разгледзець, але зьверху з вокнаў, гэтае сэрца, унутры якога напісана “Беларусь”, віншуе віцяблянаў зь сёньняшнім сьвятам!”

Увечары сябры Маладога фронту працягвалі віншаваць віцяблянаў, яле ўжо на Пляцы Волі. Там яны зладзілі апытаньне мінакоў маладога веку, як яны ставяцца да магчымасьці ўступленьня Беларусі ў Эўразьвяз. Усім, хто ўзяў удзел у апытаньні, дарылі налепкі-валянцінкі, а тым, хто выказаўся “за”, – яшчэ й сінія шаўковыя стужкі.

Таксама павіншаваць віцяблянаў выйшла сёньня і нядаўна створаная моладзевая суполка “Новая плынь”. Гэта суполка творчае моладзі вырабіла напярэдадні некалькі соцень ружовых сардэчак-валянцінак з надпісам “Сьвятла, цяпла, любові”, якія з тымі самымі пажаданьнямі былі ўручаныя віцебскім мінакам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG