Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У цэнтры Менску прайшла моладзевая акцыя “Сэрца Эўропы”


Альгерд Невяроўскі, Менск Актывісты “Маладога фронту” ды іншых дэмакратычных моладзевых аб’яднаньняў арганізавалі 14 лютага на Кастрычніцкай плошчы Менску акцыю-пэрфоманс “Сэрца Эўропы” прысьвечанаю дню сьвятога Валянціна. Усімі сваімі дзеяньнямі моладзевыя актывісты дэманстравалі любоў да аб’яднанай Эўропы. Міліцыя не дазволіла ім доўга адзначаць на пляцы гэтае сьвята.

Увечары 14 лютага на Кастрычніцкую плошчу Менска прыйшло каля 100 маладых апазыцыйных актывістаў. Сярод іх былі сябры “Маладога фронту”, “Задзіночаньня беларускіх студэнтаў”, навучэнцы Беларускага гуманітарнага ліцэю. Усе яны мелі ў сваім адзеньні элемэнты сьцягу Эўрапейскага зьвязу – шалікі, хусткі й навязкі валошкавага колеру з жоўтымі зоркамі. Акцыя мела назву “Сэрца Эўропы”.

Сустаршыня “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч так патлумачыў яе сэнс:

(Дашкевіч: ) “Беларуская моладзь, як заўсёды, распачынае палітычны сэзон 14 лютага. Мы выйшлі каб прадэманстраваць – моладзь ніколі не была згодная з рэжымам Лукашэнкі, заўсёды мела эўрапейскія дэмакратычныя каштоўнасьці за галоўную мэту. Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Эўропы, мы выходзім з колерамі эўрапейскага сьцягу, прэзэнтуем яго як колер беларускай рэвалюцыі й яшчэ раз даказваем, што Беларусь належыць да эўрапейскай цывілізацыі”.

Удзельнікі акцыі запалілі бэнгальскія агні, і пад гукі гімну Эўрапейскага зьвязу пачалі віншаваць са сьвятам мінакоў.

Неўзабаве на Кастрычніцкую плошчу прыйшоў прэтэндэнт у адзіныя кандыдаты на прэзыдэнта ад дэмакратычных сілаў Мікола Статкевіч. Маладыя людзі падарылі яму адмысловую паштоўку з пажаданьнямі, каб Беларусь, як мага хутчэй выйшла на шлях эўрапейскай інтэграцыі. Мікола Статкевіч сказаў у інтэрвію беларускай Свабодзе:

(Статкевіч: ) “Я думаю, што сапраўды эўрапейскі выбар – гэта цудоўны шанец. Таму, што Беларусь ужо амаль з усіх бакоў акружаная краінамі Эўрапейскага зьвязу, альбо афіцыйна заявілі аб жаданьні да яго далучыцца. Гэта наш шанец. Я думаю, што гэтыя маладыя людзе яшчэ не занадта пасьпеюць пасталець, як Беларусь будзе эўрапейскай краінай”.

Празь некалькі хвілінаў пасьля пачатку акцыі на плошчы зьявіліся амонаўцы, якія пачалі выціскаць зь яе ўдзельнікаў акцыі. Тым часам на Кастрычніцкую плошчу заехала калёна камунальнай тэхнікі, якая пачала ўборку сьнегу.

Акцыя на Кастрычніцкай плошчы такім чынам скончылася. Групы маладых людзей паехалі віншаваць зь днём сьвятога Валянціна іншых прэтэндэнтаў ў адзіныя кандыдаты ад дэмакратычных сілаў – Анатоля Лябедзьку, Станіслава Шушкевіча і Аляксандра Мілінкевіча.

А аднаго з арганізатараў акцыі “Сэрца Эўропы”, намесьніка сустаршыні “Маладога фронту” Сяргея Лісічонка па дарозе дахаты спрабаваў затрымаць нейкі чалавек у цывільным.

У дзень 14 лютага актывісты “Маладога фронту” таксама павіншавалі з днём сьвятога Валянціна дыпляматаў 11 краінаў Эўрапейскага зьвязу, Злучаных Штатаў Амэрыкі й Украіны. Яны перадалі дыпляматам адмысловыя звароты-віншаваньні з нагоды сьвята закаханых.

Акцыі рознага фармату былі арганізаваныя сёньня маладымі апазыцыянэрамі яшчэ ў 17 гарадох Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG