Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды зьніклі 4,5 тысячы выбарцаў у акрузе №52?


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Гарадзенскай Цэнтральнай выбарчай акрузе №52 маюць адбыцца паўторныя выбары дэпутата Палаты прадстаўнікоў. На рэгістрацыю пададзены кандыдатуры шасьці прэтэндэнтаў. Сёньня адзін зь іх віншаваў паштоўкамі будучых выбаршчыкаў з Днём сьвятога Валянціна — гэта рэктар Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Сяргей Маскевіч. Яго называюць прадстаўніком ад улады на выбарах і лічаць, што яго абавязкова зарэгіструюць у якасьці кандыдата.

У Цэнтральнай выбарчай акрузе знаходзіцца самы буйны ў горадзе гандлёвы дом “Нёман”. Тым, хто купляў там, напрыклад, жаночую бялізну сваёй каханай, да пакупкі абавязкова прыкладалі віншавальную паштоўку з подпісам рэктара ўнівэрсытэту: “Шчыра ваш С.Маскевіч”.

Накладу ды іншых выходных зьвестак няма, а паштовак былі пачкі. Зазірнуў у краму і Вадзім Саранчукоў — удзельнік ініцыятыўнай групы прадстаўніка Партыі БНФ Сяргея Антусевіча, які таксама зьбіраецца балятавацца ў 52-й акрузе.

(Саранчукоў: ) “Гэтыя паштоўкі ляжаць у гандлёвым доме “Нёман”, яны ад імя Сяргея Маскевіча зь віншаваньнем з Днём сьвятога Валянціна, зь вершам і пячаткай унівэрсытэту. Нюанс у тым, што калектыў гандлёвага дому “Нёман” вылучыў Сяргея Маскевіча кандыдатам у дэпутаты”.

Сам рэктар гарадзенскага ўнівэрсытэту Сяргей Маскевіч сказаў мне па тэлефоне, што ён ня лічыць распаўсюд ягоных віншавальных паштовак прыхаванай агітацыяй. Спадар Маскевіч гаворыць, што праводзіцца вялікая акцыя ад імя ўнівэрсытэту. “Для нас самае галоўнае цяпер — прыцягнуць увагу абітурыентаў”, — сказаў рэктар.

Вадзім Саранчукоў перакананы, што гэта прыклад ускоснай агітацыі напярэдадні выбараў. Ён гаворыць, што яны напішуць скаргу ў акруговую камісію, хаця давесьці ёй штосьці вельмі цяжка. Сёньня спадар Саранчукоў атрымаў афіцыйны адказ з акруговай камісіі на папярэднюю скаргу. Камісія зьмяніла межы выбарчай акругі, дадаўшы да яе раён прыватнай забудовы з насельніцтвам прыблізна 4,5 тысячы чалавек. Аднак гэтая колькасьць нібыта зьнікла ў ранейшай лічбе выбаршчыкаў.

(Саранчукоў: ) “Колькасьць жыхароў, якая надрукавана ў складзе тэрыторыі акругі, не зьмянілася. Хаця новыя людзі зьявіліся, у лічбу выбаршчыкаў яны ня ўнесены. Гэта махлярства чыстай вады”.

Ініцыятыўная група Сяргея Антусевіча будзе зьвяртацца у Вярхоўны суд, сказаў мне Вадзім Саранчукоў.
XS
SM
MD
LG