Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Белорусская газета”: “Вашывыя блохі таксама ўмеюць кусацца”


Падрыхтавала Іна Студзінская Агляд незалежнага друку

Маладзечанская “Рэгіянальная газэта” трэці нумар запар абмяркоўвае праблему адміністрацыйнай рэформы – аб’яднаньне гораду і раёну. Склалася парадаксальная сытуацыя – дэпутаты Маладзечанскага гарсавету тайным галасаваньнем (зь перавагаю ў адзін голас) прагаласавалі супраць аб’яднаньня, дэпутаты райсавету адкрыта, аднагалосна – за аб’яднаньне. Дарэчы, нядаўна аб’ядналіся гарадзкія і раённыя адміністрацыі Вілейкі, Смаргоні, Ліды. На чарзе – Маладзечна і Слуцк. І хоць самі маладзечанцы і случчакі супраць аб’яднаньня, на думку рэдактара “Рэгіянальнай газэты” Аляксандра Манцэвіча, усё адно “пераламаюць праз калена”, аб’яднаюць.

У артыкуле “Папяровы карп” распавядаецца пра тое, як рыбгас “Грыцава” Маладзечанскага раёну і рыбгас “Солы” Смаргонскага прадалі адзін адному па 5 тон карпа на паперы: фактычны абмен рыбай не адбыўся. Крымінальная справа перададзеная ў суд.

“Белорусский рынок” значную частку матар’ялаў прысьвяціў страйку прадпрымальнікаў. Тут і хроніка падзеяў, і грунтоўны аналіз вынікаў і наступстваў страйку.

“Вы не сказалі “не”, мілорд” – так называецца матар’ял, прысьвечаны візыту ў Менск упаўнаважанага АБСЭ ў справах мэдыяў Міклаша Харасты. З аднаго боку, спадар Харасты жорстка крытыкуе становішча са СМІ ў Беларусі, але спадзяецца на супрацоўніцтва з афіцыйнымі структурамі ў справе стварэньня новага закону аб СМІ. Загаловак інтрыгуе: “не”, аказваецца, не сказаў міністар інфармацыі Уладзімер Русакевіч.

Тэма тыдня “Белорусской газеты” – “Вашывыя блохі таксама ўмеюць кусацца”. Здагадаліся? Таксама пра страйк прадпрымальнікаў. Яшчэ некалі інтрыгуючых загалоўкаў “БГ”: “Боль на выдумкі хітры” – пра тое, як Міністэрства аховы здароўя правакуе разьвіцьцё чорнага рынку мэдычных паслугаў”. “Валадарка сустракае гасьцей” – пра прысуд Галіне Жураўковай.

“Брестская газета” распавядае пра ўрачыстасьці ў Жабінкоўскім і Івацэвіцкім раёнах з нагоды дня нараджэньня вядомага палітычнага і ваеннага дзеяча ВКЛ, Польшчы і ЗША Тадэвуша Касьцюшкі. Ва ўрочышчы Мерачоўшчына былі праведзены археалягічныя раскопкі, знойдзены фундамэнт дома Касьцюшкаў. Грашовыя сродкі на аднаўленьне маёнтка ў 2003 годзе выдаткавалі аблвыканкам і пасольства ЗША. Сёньня ўжо стаіць будынак, пакрыты камышовай страхой. Будзе адноўлены і палацава-паркавы ансамбаль.

У Белаазёрску зь вітрыны аптэкі былі выкрадзеныя 4 пакункі “Віягры” на суму 404 тысячы рублёў. Злодзея знайшлі вельмі хутка. Самае дзіўнае, што такая колькасьць “Віягры” спатрэбілася 14-гадоваму падлетку. Пра гэта таксама распавядае “Брестская газета”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG