Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці падрыхтаваная Гомельшчына да магчымай веснавой паводкі?


Казімір Яноўскі, Гомель На Гомельшчыне распачалася праверка гатовасьці розных службаў да веснавой паводкі. У зону рызыкі ўваходзіць 10 раёнаў, у тым ліку і абласны цэнтар.

На вуліцы яшчэ ва ўсю лютуе зіма, а на Гомельшчыне заняліся падрыхтоўкай да веснавой паводкі. Чым выклікана такая трывога? Менавіта зімою, дакладней – моцнымі сьнегападамі, якія прайшлі ў нас напрыканцы студзеня і вось цяпер, у лютым.

Калі вясною гэты сьнег пачне хутка раставаць, то ня выключана і вялікая паводка. Таму рэгіянальная ўправа надзвычайных сытуацыяў і турбуецца загадзя, каб на выпадак вялікай вады ў тым жа Жыткавіцкім, Лельчыцкім, Мазырскім ды іншых праблемных раёнах меліся запасы лекаў, харчоў, адзеньня, гумовага абутку, чаўноў.

Такая падрыхтоўка распачата і ў абласным цэнтры. У двух прырэчных мікрараёнах, Манастырок і Якубоўка, што паабапал ракі Сож, амаль кожную вясну плаваюць дзесяткі прыватных дамоў ды падворкаў. Летась у Манастырку і Якубоўцы ад вялікай вады пакутавала пераважная большасьць жыхароў. Падчас разводзьдзя ў людзей бракавала пітной вады, чаўноў. Ня ўсе дзеці маглі рэгулярна наведваць школу.

Кожны год напрыканцы зімы выканкамы, службы надзвычайных сытуацыяў ладзяць розныя нарады, сходы, праверкі гатовасьці да паводкі. А калі паводка прыходзіць, людзі ўсё роўна застаюцца неабароненымі, зьведваюць вялікія нязручнасьці – дарэчы, гэтаксама як і падчас моцных сьнегападаў. Чаму так здараецца?

Абараніць людзей належным чынам за месяц-паўтара да пачатку паводкі практычна немагчыма. Можна толькі ў нейкай ступені аблегчыць іхнюю долю. У мінулым годзе падчас паводкі ў тым жа мікрараёне Манастырок жыхары скардзіліся на дрэнныя вуліцы, адсутнасьць вадаводаў, ахоўных дамбаў у паніжаных месцах. Гэтыя праблемы не вырашаюцца дзесяцігодзьдзямі. Таму калі толькі вада ў рацэ Сож падымаецца крыху вышэй звычайнага, людзі пакутуюць.

Жыхары Манастырка пры гэтым зьвяртаюць ўвагу на тое, як хутка падсыпаюць дарогі, ладзяць сувязь ды іншыя выгоды асобныя чыноўнікі з адміністрацыі Савецкага раёну, што пабудавалі тут дамы ды катэджы:

(Жыхарка Манастырка: ) “Вунь улады, за адзін год пабудаваліся. За адзін год тэлефоны, газ падвялі – усё за адзін сэзон. Вось гэта ўлады працуюць. Там, у сябе. А мы сядзім у яме, у вадзе – нас гэтыя ўлады не глядзяць”.

Гэтак сьцьвярджае жыхарка Манастырка, аднаго з найбольш праблемных у час веснавога разводзьдзя мікрараёнаў абласнога цэнтру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG