Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Толькі дзьве транспартныя фірмы Літвы будуць мець аўтобусныя рэйсы ў Беларусь


Тацяна Поклад, Вільня У Літве будзе скарачацца колькасьць аўтобусных маршрутаў у Беларусь. Такое рашэньне літоўскія транспартныя кампаніі прымаюць вымушана – новы падатак за выкарыстаньне дарог, уведзены ў Беларусі ад пачатку гэтага году, робіць беларускія рэйсы стратнымі.

Асацыяцыя літоўскіх транспартнікаў “Лінава” паведаміла, што менавіта новы падатак вымушае значна скараціць колькасьць аўтобусных маршрутаў у Беларусь, якія дагэтуль былі рэнтабэльнымі. Ад 1 студзеня гэтага году замежныя транспартныя сродкі, у якіх колькасьць месцаў большая за 30, павінны плаціць 35 даляраў за суткі, калі яны едуць празь Беларусь.

У Літве ўсяго 12 кампаніяў пасажырскага транспарту ладзяць рэйсы ў Беларусь, колькасьць рэйсаў – ад 2 да 35 за тыдзень. Ад пачатку новага году ім даводзіцца выплочваць толькі за ўезд у Беларусь ад 70 да 1225 даляраў за тыдзень.

Падлічыўшы выдаткі за першыя некалькі тыдняў гэтага году, літоўскія транспартнікі вырашылі, што з усіх беларускіх маршрутаў можна пакінуць толькі наступныя: Коўна-Менск, Вільня-Менск, Паланга-Менск, Вільня-Гіры і Вільня-Пінск.

Толькі дзьве транспартныя кампаніі – найбуйнейшыя, – плянуюць пакінуць рэйсы у Беларусь: гэта закрытыя акцыянэрныя таварыствы “Каутра” і “ТОКС”. Іншыя, карацейшыя маршруты, якія злучалі невялікія гарады і мястэчкі, не пакрываюць выдаткаў на новы падатак, прыдуманы беларускімі ўладамі. Гэта тычыцца і рэйсаў у Беларусь з Друскенікаў, Трокаў, Салечнікаў.

Што да даўжэйшых па працягласьці рэйсаў, ці рэйсаў паміж вялікімі гарадамі – тут у пасажыраў больш магчымасьцяў выбару, бо такія рэйсы ладзяць і беларускія транспартнікі, але ёсьць маршруты, дзе такога выбару няма.

Ці не зьбіраюцца літоўскія транспартнікі шукаць нейкага іншага выйсьця, напрыклад падняць кошты на квіткі? Пра рост коштаў паведамленьняў няма – напэўна, гэта не дапамагло б. Пасажыры такіх рэйсаў – ня самыя заможныя людзі, і для большасьці рост коштаў на квіткі будзе азначаць тое ж самае, што і адмена рэйсаў – яны папросту ня змогуць імі карыстацца.

Для транспартных кампаніяў праблема таксама ня будзе вырашана – пасажыраў будзе менш, рэйсы будуць па-ранейшаму стратнымі. Магчыма, некаторыя маршруты аўтобусаў на беларуска-літоўскім памежжы падтрымае дзяржаўны бюджэт Літвы.

Прадстаўнік асацыяцыі літоўскіх транспартнікаў Валдас Гіліс з гэтай нагоды адзначыў, што можа дапамагчы рашэньне ўраду Літвы яшчэ ад 1993 году “Адносна дапамогі літоўцам у Беларусі”. Там гаворыцца пра маршруты аўтобусаў у беларускія вёскі Апсу, Гервяты, Пелясу, і прадугледжваецца кампэнсацыя стратаў зь дзяржаўнага бюджэту, калі гэтыя маршруты будуць нерэнтабэльныя. Тое ж тычыцца маршрутаў Ігналіна – Відзы, Вісагінас – Браслаў, Вільня – Гіры і Трокі – Ліда. Аднак дзейных мэханізмаў такіх кампэнсацыяў пакуль не існуе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG