Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ня можа легалізавацца “Клюб алімпійскіх чэмпіёнаў”?


Ігар Карней, Менск Чатыры месяцы ня можа зарэгістравацца “Клюб алімпійскіх чэмпіёнаў”, ініцыятарам заснаваньня якога – чатырохразовы алімпійскі чэмпіён Віктар Сідзяк. Спартоўцам тлумачаць, што неабходна ўзгадненьне адмысловай камісіі пад кіраўніцтвам галоўнага ідэоляга прэзыдэнцкай адміністрацыі Алега Праляскоўскага.

Якія мэты ставіць перад сабой пакуль што гіпатэтычны Клюб? Ініцыятыва стварэньня Клюбу належыць чатырохразоваму алімпійскаму чэмпіёну ў фэхтаваньні Віктару Сідзяку. “Правай рукой” Сідзяка – гэтаксама алімпійскі чэмпіён Уладзімер Камінскі. Пакуль што вядзецца гаворка пра аб’яднаньне выключна пераможцаў Алімпійскіх гульняў, аднак у пэрспэктыве дзьверы клюбу будуць адчыненыя таксама і для прызёраў Алімпіядаў.

Сідзяк не хавае, што асноўная мэта Клюбу – сацыяльная абарона спартоўцаў, якія пасьля заканчэньня кар’еры мала каго цікавяць. Маецца на ўвазе працаўладкаваньне, дапамога ў пасьляспартовай адаптацыі, прыцягненьне да працы з моладзьдзю ў спэцыялізаваных спартовых школах. Мэты высакародныя і аб’ектыўна патрэбныя, аднак ідэя паступова пераўтвараецца ў эпапею – канстатуе Уладзімер Камінскі, удакладняючы, што дакумэнты на рэгістрацыю “Клюбу алімпійскіх чэмпіёнаў” у гарадзкое ўпраўленьне юстыцыі былі пададзеныя яшчэ летась у кастрычніку.

(Камінскі: ) “Мы так меркавалі, што там гэтая справа і завершыцца, бо клюб рэгіянальны – Менск і вобласьць. Але потым нашыя дакумэнты перадалі ў Міністэрства юстыцыі: патрэбна было рашэньне камісіі, якую ўзначальвае Алег Праляскоўскі з адміністрацыі прэзыдэнта. Дарэчы, ён у размове з Сідзяком паабяцаў, што ў пачатку сьнежня клюб будзе зарэгістраваны. Але прайшоў сьнежань, сярэдзіна студзеня, а 17 лютага будзем адзначаць чатыры месяцы нашай неіснуючай рэгістрацыі…”

Сытуацыя выглядае ў пэўным сэнсе дзіўнай, паколькі ўсім вядома, на якім рахунку ў Беларусі спорт і як апякуе алімпійцаў уласна прэзыдэнт НАК Аляксандар Лукашэнка...

Менавіта гэта зьдзіўляе і саміх спартоўцаў. У кулюарах нават называюцца некаторыя меркаваньні на гэты конт. Прыкладам, прысутнасьць сярод актыўных ініцыятараў стварэньня арганізацыі трохразовага алімпійскага чэмпіёна Уладзімера Парфяновіча – ад часоў дэпутацтва Парфяновіча ўлады ўспрымаюць яго выключна як апазыцыйнага палітыка. Дый сам Сідзяк, як кажуць, досыць радыкальная фігура – адрозна ад спартовых функцыянэраў, якія толькі падпарадкоўваюцца, але не выпрацоўваюць ніякіх ідэяў.

Вось, прыкладам, што кажа Віктар Сідзяк у зьвязку са спробамі наладзіць сетку спартовых сэкцыяў для моладзі ў рамках працы Клюбу:

(Сідзяк: ) “Ці кіраўніцтва не разумее важнасьці таго, што нават калі мы 10 ці 15 чалавек “выратуем” ад вуліцы – гэта вялікая справа?.. Зараз у школах у сёмым клясе ня ведаюць, я ўжо не кажу алімпійскіх чэмпіёнаў – прэзыдэнта ня ведаюць! П’юць гарэлку, паляць нейкую гадасьць. Мы цалкам робім за іх справу і, на жаль, не знаходзім нармалёвага разуменьня”.

Паверыўшы абяцаньням чыноўнікам, у студзені “Клюб алімпійскіх чэмпіёнаў” меўся наладзіць прэзэнтацыю, і гэта, дарэчы, ужо было пазначана ў календары НАК. Чаму ўсё ж гэтае мерапрыемства на нявызначаны час адтэрміноўваецца? Сваё меркаваньне выказвае Уладзімер Камінскі:

(Камінскі: ) “Прычына быццам у тым, што не зьбіраецца камісія. Але тут дзьве нестыкоўкі. У Міністэрстве юстыцыі кажуць: у нас шмат папераў, таму трэба чакаць, пакуль да вас дойдзе чарга. А сакратар Праляскоўскага кажа, што яшчэ не набралася столькі заявак, каб правесьці камісію. Нейкія нестыкоўкі. Дый увогуле дзіўна, што ў міністэрстве юстыцыі камісію ўзначальвае не работнік міністэрства, а прадстаўнік адміністрацыі, а ў камісію, апроч таго, уваходзяць дэпутаты і хтосьці з ураду…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG