Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску й яшчэ 14 гарадох абвешчаная эпідэмія грыпу


Сьвятлана Курс, Менск 12 лютага эпідэмію грыпу абвясьцілі ў Менску, але пакуль не зачынілі ніводнай установы на карантын, нават садкі й школы працуюць у звычным рэжыме. Дзіцячыя ўстановы зачыняюцца, толькі калі хварэюць больш за траціну вучняў.

Пяты дзень захворвальнасьць у Менску ў тры разы перавышае норму. Хварэюць ад 8 да 15% насельніцтва, паведаміла нашаму радыё загадчыца аддзелу Менскага цэнтру гігіены й эпідэміялёгіі Алена Фісенка.

(Фісенка: ) “Захворвальнасьць складае 8-15%. Да нас зьвяртаюцца па 5 тысячаў чалавек у дзень. Вірусы, якія цыркулююць сярод насельніцтва – тыя ж самыя, што цыркулявалі два апошнія гады. Ад заўтра абвешчаныя дадатковыя супрацьгрыпозныя мерапрыемствы. Мэтазгодна ўжо цяпер прыймаць прафіляктычныя супрацьгрыпозныя сродкі”.

Пра якія ж адмысловыя мерапрыемствы гавораць спэцыялісты? Уводзіцца іншы рэжым у г. зв. закрытых пляцоўках – больніцах, радзільнях, інтэрнатах, папраўчых установах. Людзям не рэкамэндуецца адведваць масавыя імпрэзы і асабліва засьцерагаць дзяцей, бо менавіта дзеці і старыя найгорш пераносяць грып.

Сёлетні вірус найбольш часта адбіваецца на сэрцы і на лёгкіх, а таксама на слыху. У цяжкіх выпадках можа быць мэнінгіт. Менавіта таму мэдыкі рэкамэндуюць не пераходжваць грып, нават калі тэмпэратура невысокая альбо яе няма.

Я атрымала ад спэцыялістаў цэнтра эпідэміялёгіі некалькі важных парадаў: няхворым трэба часьцей бываць на вуліцы – ня толькі з-за сьвежага паветра, але з-за карыснасьці сонечных промняў, ну і не саромецца есьці часнык і цыбулю. Піць шмат цёплых напояў. Есьці лёгкія стравы патроху. Ня трэба зьбіваць тэмпэратуры, ніжэйшыя за 38 градусаў – гэта змагаецца арганізм. Спадарыня Фісенка просіць не прымаць антыбіётыкаў без прызначэньня доктара, бо можна пасадзіць сэрца, якое і так пад нагрузкаю.

14 лютага эпідэмія абвешчаная ў 14 гарадох. Лекары прарочаць, што яна працягнецца прыблізна паўтара месяцы, і цяжкасьць ейная будзе сярэдняй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG