Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прадстаўнік Лукашэнкі ў Нацыянальным сходзе: страхоўка ад нечаканасьцяў?


Уладзімер Глод, Менск Днямі Аляксандар Лукашэнка ўстанавіў новую пасаду – свайго паўнамоцнага прадстаўніка ў Нацыянальным сходзе. Згодна з указам кіраўніка дзяржавы, ён будзе забясьпечваць узаемадзеяньне з палатамі Нацыянальнага сходу. Упаўнаважаны Лукашэнкі будзе прысутнічаць і выступаць на паседжаньнях парлямэнту, тлумачыць пазыцыю кіраўніка дзяржавы адносна пытаньняў, якія абмяркоўваюць на сэсіях, а таксама выконваць іншыя функцыі, якія яму даручае кіраўнік дзяржавы. Навошта гэта патрэбна, калі і без таго Лукашэнка цалкам кантралюе сытуацыю ў парлямэнце?

Прапаную спачатку зьвярнуцца да афіцыйнай вэрсіі, якую агучыла прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі: “Увядзеньне інстытута паўнамоцнага прадстаўніка прэзыдэнта ў парлямэнце накіраванае на рэалізацыю канстытуцыйных паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы і будзе садзейнічаць удасканаленьню сыстэмы улады ў рэспубліцы”.

Зьнешне гэты крок насамрэч не выглядае нечым надзвычайным, паколькі такая пасада не ёсьць беларускім вынаходніцтвам. Яна існуе ў шэрагу іншых краінаў – прыкладам, у той жа Расеі. І, як сьцьвярджаюць экспэрты, звычайна інстытут упаўнаважаных уводзіцца ў дзяржавах, дзе існуюць даволі сур’ёзныя разыходжаньні паміж прэзыдэнтам і парлямэнтам.

У Беларусі такога супрацьстаяньня пасьля разгону Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня няма. Але, як лічыць Мечыслаў Грыб – дэпутат двух скліканьняў (12-га і 13-га) – усё паступова ішло да зьяўленьня такой пасады.

(Грыб: ) “У Вярхоўным Савеце 12-га, а пасьля і 13-га скліканьня прадстаўнікоў прэзыдэнта ня было. Прэзыдэнт мог прыйсьці ў любы час выступіць у Вярхоўным Савеце, прысутнічаць на паседжаньні... І ніхто яму ў гэтым не перашкаджаў. Аб нейкіх прадстаўніках ці ўпаўнаважаных тады нават і размовы не вялося. У Вярхоўным савеце 13-га скліканьня, праўда, зьявілася фракцыя “Згода”, якая прадстаўляла інтарэс Лукашэнкі. Далей – болей. У Палатах прадстаўнікоў за №№ 1, 2 і г.д. пачалі зьяўляцца ягоныя прадстаўнікі ў асобе некаторых дэпутатаў палаты, якіх ён асабіста прызначаў. Ён зь імі сустракаўся, і яны былі як бы даверанымі асобамі Лукашэнкі”.

І ўсё ж выглядае так, што зьяўленьне ўпаўнаважанага кіраўніка дзяржавы ў Нацыянальным сходзе прадыктаванае хутчэй модай, чым сапраўднай патрэбай у такой інстытуцыі. Неабходнасьць такой пасады яшчэ можна неяк абгрунтаваць у краінах, дзе праходзяць чэсныя і справядлівыя выбары, а ў Беларусі, дзе дэпутаты, як пра гэта сьведчаць мноства фактаў, прызначаюцца, а не абіраюцца, яна выглядае штучнай.

Але ж падобна, што ўзьнікненьне ў Палаце папярэдняга скліканьня дэпутацкай групы “Рэспубліка” занепакоіла Аляксандра Лукашэнку. Тым больш што некаторыя парлямэнтары, хаця афіцыйна й не далучыліся да “Рэспублікі”, падзялялі погляды генэрала Фралова і яго сяброў. Тады ўлады гэтага своечасова не заўважылі й адрэагавалі са спазьненьнем.

Зьяўленьне паўнамоцнага прадстаўніка Аляксандра Лукашэнкі, які будзе значную частку сваёй працы праводзіць непасрэдна ў Нацыянальным сходзе, дае ўладам пэўную гарантыю, што такая зьява больш ня зможа паўтарыцца. І яшчэ можна зрабіць такую выснову: цяперашні кіраўнік беларускай дзяржавы ня вельмі давярае нават прызначаным дэпутатам. Менавіта на гэта зьвяртае ўвагу і Мечыслаў Грыб:

(Грыб: ) “Кантраляваць няма чаго – усе падабраныя, усе ўзгодненыя, ўсе правераныя па некалькі разоў. Але, здаецца, нават і да гэтых людзей поўнага даверу няма. Павінна быць узаемадзеяньне паміж галінамі ўлады. А калі сёньня прэзыдэнт ніякай галіны не прадстаўляе, а зьяўляецца нейкім слупом, вакол якога ёсьць толькі галінкі, то гэта выходзіць за рамкі ўсясьветных падыходаў і правілаў дэмакратыі і адносінаў паміж дзяржаўнымі галінамі ўлады”.
XS
SM
MD
LG