Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дзень Сьвятога Валянціна маладыя беларусы зноў прызнаюцца ў каханьні да Эўропы


Севярын Квяткоўскі, Менск “Сэрца Эўропы” – так завецца вулічная акцыя-пэрформанс, якая па традыцыі мае адбыцца сёньня ў Менску. Ужо дзевяты раз на дзень Сьвятога Валянціна актывісты палітычных і грамадзкіх моладзевых арганізацыяў зладзяць марш пад агульнай ідэяй “Беларусь у Эўропу”.

Сінія навязкі і залацістыя зорачкі – вось прыкметы, па якіх можна будзе пазнаць удзельнікаў “Сэрца Эўропы”. Гэта колеры сьцягу аб’яднанай Эўропы. Васільковы колер – таксама знак палітычнай ініцыятывы “Эўрапейская кааліцыя”, якая мае на мэце ўваход Беларусі ў Эўразьвяз. Пра сёньняшнюю акцыю-пэрформанс гаворыць Артур Фінкевіч:

(Фінкевіч: ) “Гэта вулічная акцыя, каторая павінна прадэманстраваць беларускаму грамадзтву і наогул усяму сьвету, што ёсьць людзі, якія жадаюць штосьці тут зьмяніць”.

Традыцыя сьвяткаваць 14 лютага Дзень закаханых нарадзілася ў Заходняй Эўропе. Традыцыя вулічных акцыяў-пэрформансаў на Дзень закаханых была запачаткаваная ў Беларусі ў 1997 годзе зь ініцыятывы Маладога Фронту. У 1997 годзе некалькі дзесяткаў маладых людзей дэманстравалі сваю закаханасьць у аб’яднаную Эўропу: абышлі шэраг амбасадаў у цэнтры Менску. Тады акцыя была жорстка разагнаная міліцыяй. Практычна кожны раз паўтараецца канфлікт з праваахоўнымі органамі.

Хто сёньня мусіць браць удзел у акцыі “Сэрца Эўропы”? Ініцыятары запрашаюць усіх ахвочых, але ядро маюць скласьці сябры незарэгістраваных суполак “Малады Фронт” і “Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў”. Чакаюцца сябры іншых моладзевых ініцыятываў і арганізацыяў. Дарэчы, сёньня будуць віншаваць некаторых прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду, вылучаных нядаўна некаторымі палітычнымі партыямі. А цьвіком акцыі мусіць стацца выява сэрца, у выглядзе якога маюць стаць удзельнікі пэрформансу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG