Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларускі народ мае законнае права на месца ў агульнаэўрапейскай супольнасьці”


Ул. інф. Міністар замежных справаў Швэцыі Лайла Фрэйвальдс заклікала швэдзкіх і эўрапейскіх палітыкаў працягваць у дачыненьні да беларускіх уладаў ізаляцыйную палітыку, аднак пры гэтым больш актыўна падтрымліваць дэмакратычныя сілы ў краіне. Паводле спадарыні Фрэйвальдс, беларускі народ мае сваё законнае месца ў аб’яднанай эўрапейскай супольнасьці.

Прадстаўляючы швэдзкаму парлямэнту (Рыксдагу) новыя напрамкі нацыянальнай замежнай палітыкі ў зьвязку з пашырэньнем Эўропы, спадарыня Лайла Фрэйвальдс спынілася на дачыненьнях з новымі эўрапейскімі суседзямі – Украінай і Беларусьсю. Паводле словаў міністра, Украіна, зрабіўшы выбар на карысьць эўрапейскіх каштоўнасьцяў, заслужыла права прынцыпова разьлічваць на рэальную перспектыву далучэньня да Эўразьвязу. Што да Беларусі, то яе кіраўніцтва па-ранейшаму цалкам ігнаруе такія паняцьці як дэмакратыя і правы чалавека і такім чынам усё больш ізалюецца ад Эўропы.

“Аднак”, сказала спадарыня Фрэйвальдс, “Беларусь ёсьць нашым вельмі блізкім суседам. Бо Стакгольм бліжэй да Менску, чым да паўночнашвэдзкага пункту Кіруна. Беларускі народ мае законнае права на месца ў агульнаэўрапейскім супольніцтве. Дэмакратычныя сілы ў Беларусі трэба ўсебакова падтрымліваць”.

У сваім выступе перад шведскімі парлямэнтарамі спадарыня Фрэйвальдс таксама зрабіла акцэнт на адказнасьці Эўропы перад тымі грамадзянамі зь недэмакратычных краінаў, якія адчуваюць перасьлед за свае перакананьні з боку мясцовых уладаў. Паводле швэдзкага міністра, гэтыя людзі мусяць разьлічваць на абарону Швэцыі і іншых краінаў ЭЗ. Як лічыць спадарыня Фрэйвальдс, далёка не паўсюль у ЭЗ існуюць гнуткія і дасканалыя падыходы ў разглядзе справаў уцекачоў, а таму Швэцыя гатовая дапамагчы гэтым краінам у падобным пытаньні. Спадарыня Фрэйвальдс таксама заклікала ЭЗ да сынхранізацыі дзеяньняў.

Камэнтуючы выступ міністра Лайлы Фрэйвальдс у Рыксдагу, эўрапейскія назіральнікі, між іншым, зьвяртаюць увагу на тое, што беларускае пытаньне ўсё часьцей выносіцца на разгляд нацыянальных парлямэнтаў ЭЗ. У шэрагу публікацыяў ідзе размова пра намер Эўропы аказаць падтрымку руху супраціву ў краінах СНД, як гэта было ў выпадку з Украінай.

У гэтым зьвязку спашлюся на наступнае меркаваньне аглядальнікаў нямецкага электроннага выданьня www.german-foreign-policy.com: “У пэўных палітычных колах Эўропы існуе сур’ёзная занепакоенасьць, што рэгіён СНД можа стаць цалкам праамэрыканскім. Таму актыўнасьць Нямеччыны разам з шэрагам паўночных, паўночна-ўсходніх і ўсходніх краінаў ЭЗ накіраваная на такія краіны як Беларусь, Малдова дый таксама Казахстан і Кыргызстан. І беларуская, і малдаўская апазыцыя, падобна да сваіх калегаў з Украіны, разьлічваюць на эўрапейскую падтрымку, тэхналёгіі сэрбскага руху “Отпор” – галоўнага арганізатара масавых акцыяў супраціву ў 2000 г. у Бялградзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG