Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы разумеюць пост?


Сяргей Абламейка, Прага Сёлетні Вялікі пост некаторыя беларускія вернікі ўжо пачалі. У беларускіх уніятаў, або грэка-католікаў, пост пачаўся ў панядзелак 7 лютага. У католікаў лацінскіх – у сераду 9-га лютага. Праваслаўныя беларусы пачнуць пасьціць аж 14-га сакавіка. Сёлета часавая разьбежка паміж каталіцкім і праваслаўным Вялікаднямі выпала найдаўжэйшая – 5 тыдняў. Католікі адзначаць Пасху 27 сакавіка, а праваслаўныя – 1 траўня.

Апошнім часам на старонках папулярных газэтаў можна прачытаць разважаньні пра карыснасьць рэлігійных пастоў для здароўя. Пішуць, маўляў, што не дарэмна царква ад пачатку свайго існаваньня ўстанавіла шэраг посных пэрыядаў, бо, як даказала сучасная навука, стрыманасьць у ежы вельмі карысная для здароўя.

На думку сьвятароў, такія публікацыі толькі аддаляюць людзей ад посту сапраўднага. Бо якраз праблема большасьці сучасных цэркваў у тым, што яны ня могуць пераканаць сваіх вернікаў у простай ісьціне: пост – гэта не дыета.

Любы сьвятар вам скажа, што ў аснове посту ляжыць рэлігійны элемэнт, таму што калі мы гаворым пра пост як пра духоўны акт, мы ня можам яго ў гэтым сэнсе аддзяліць ад рэлігіі. Дыета – гэта нешта іншае, а пост – гэта духоўны акт, гэта псыхафізычная зьява. Гэта значыць, што такі чалавек абмяжоўвае сябе ў ежы, але ўспрымае гэта найперш як духоўную ахвяру. Вось жа пост – гэта шлях да ачышчэньня, калі мы нешта аддаем, каб мець магчымасьць атрымаць яшчэ больш назад, гэта страта колькасьці для атрыманьня якасьці. Такое разуменьне ў хрысьціянскім сэнсе надалей застаецца актуальным.

Часта можна пачуць, што Праваслаўная царква трымаецца больш традыцыйнага падыходу да посту і на гэтай падставе яе нават абвінавачваюць у абрадаверніцтве. Вось думка пра пост афіцыйнага прадстаўніка Беларускага экзархату Рускай Праваслаўнай царквы архімандрыта Аляксея Шынкевіча.

(Шынкевіч: ) “Праваслаўныя вернікі павінны ведаць словы Хрыста, сказаныя ў Эвангельлі, што ўсякае зло выганяецца менавіта постам і малітвай, а як мы ведаем, што пост мае два накірункі – перш за ўсё гэта фізычны пост. Канечне, для сучаснага чалавека гэта цудоўная рэч. Нават усясьветна вядомыя мэдыкі кажуць, што для чалавека, які жыве ў наш час, фізычнае ўстрыманьне – карысная рэч для здароўя, як кажа царква, і духоўнага, і фізычнага. На жаль, многія вернікі і людзі якія людзі з па-за царквы заўважаюць, у асноўным, адзін бок посту, фізычны. А ёсьць галоўны, на што заўсёды ўказвае царква – гэта пост духоўны. Перш за ўсё мы павінны ў час посту рабіць больш добрага. І ў гэтым ёсьць духоўная сіла і моц посту: пазбаўляцца дрэннага і рабіць учынкі добрыя”.

Як бачым, архімандрыт Аляксей Шынкевіч падаў клясычнае праваслаўнае разуменьне посту, якое мае на мэце ў тым ліку і духоўную ахвяру стваральніку, духоўную інтэнцыю. Гэта ня так далёка ад разуменьня посту сучаснай заходняй царквой, якая лічыць, што пост – гэта адмысловы час, у які вернікі маюць магчымасьць пастарацца аднавіць страчаную ўнутраную гармонію, наладзіць унутраны парадак, аднавіць страчанае ў выніку граху адзінства з Богам. Пост – гэта таксама час пакаяньня, час жалю за грахі.

А вось думка пра пост беларускага пяцідзесятніцкага пастара зь Менску Леаніда Бірука.

(Бірука: ) “Хрысьціяне веры эвангельскай прымаюць пост і пасьцяцца тады, калі існуе нейкая патрэба – напрыклад, гэта можа быць патрэба ўсёй царквы: пост за нашу краіну, пост за царкву, пост асабліва за нешта, што патрабуе сям’я. Напрыклад, калі ёсьць неабходнасьць пасьціцца за выздараўленьне, альбо неабходнасьць пасьціцца за нешта, што сям’я чакае ад бога, напрыклад, пост за дзіця і г.д. А такіх калядных пастоў у нас не існуе, хаця кожная царква мае сваё разуменьне, што пост можа быць аднадзённы, трохдзённы, сямідзённы, я ведаю людзей, якія нават сорак дзён пасьціліся за нейкую патрэбу. Ёсьць людзі, якія прысьвячаюць гэта Вялікадню альбо Божаму нараджэньню, але я думаю, што такіх людзей няшмат”.

Як бачым, пратэстанты практыкуюць прынагодны пост, пост у нейкай патрэбе. А традыцыйныя посныя пэрыяды для пратэстантаў-эвангелікаў не ўласьцівыя.

У сучасным сьвеце жыцьцё моцна інтэнсыфікуецца і мяняецца, людзі энэргічна і цяжка працуюць, пералятаюць з кантынэнта на кантынэнт па некалькі разоў у працягу аднаго тыдня, хварэюць. Побыт чалавека часта залежыць ад традыцыяў шматнацыянальнага і шматканфэсійнага калектыву, у якім ён працуе. Што робяць сучасныя вернікі на Захадзе, як адказваюць на выклікі часу?

У адказ паўсталі так званыя альтэрнатыўныя формы посту. Некалі ў адным з выпускаў Сымбалю Веры мы знаёмілі слухачоў з артыкулам чэскага каталіцкага сьвятара Даніэла Германа пра альтэрнатыўныя формы посту. Сярод такіх формаў сустракаюцца так званыя экалягічныя – замест абмежаваньняў у ежы нейкі чалавек, напрыклад, бярэ на сябе абавязак за час посту вычысьціць ад леташняга лісьця суседні парк. Ёсьць аўтамабільныя формы посту, калі людзі адмаўляюцца езьдзіць на ўласных аўтамабілях падчас посту і карыстаюцца выключна грамадзкім транспартам. Існуе і шмат іншых. Нехта вырашае не курыць падчас посту, а нехта гаворыць людзям толькі прыемныя словы пра іх. У Ангельшчыне распаўсюджаны пост у форме аднадзённае адмовы ад ежы цэлай сям’і і перадача заашчаджаных сродкаў на патрэбы царквы і дабрачыннасьці. Карацей кажучы, якую б форму ахвяры людзі не выбіралі, усё будзе добра, калі гэта робіцца ў духоўнай інтэнцыі.

А як да альтэрнатыўных формаў посту ставяцца беларусы? Ці гатовыя яны да ўспрыняцьця такіх незвычайных пастоў? Я вырашыў папытацца пра гэта ў іпадыякана Беларускай Грэка-Каталіцкай царквы зь Пінску Андрэя Крата.

(Абламейка: ) “Вы чалавек, які ведае сытуацыю ў Беларусі, сустракаецца зь вернікамі, прынамсі, Беларускай Грэка-Каталіцкай царквы. На Вашую думку, могуць гэтыя альтэрнатыўныя формы посту быць укаранёныя ў Беларусі, ці нашыя людзі не гатовыя да гэтага, ці ў нас іншы мэнталітэт у вернікаў, ці нам толькі пераважна патрэбнае абмежаваньне ў ежы?”

(Крот: ) “Я лічу што пераважна нам наадварот патрэбныя менавіта гэтыя альтэрнатыўныя формы посту, таму што абмежаваньне ў ежы, па-першае, не для кожнага зь вернікаў прыймальнае, па-другое, з-за матэрыяльных варункаў некаторых сем’яў яно можа ня раіцца, і яшчэ такі аспэкт гэтых альтэрнатыўных формаў посту можа быць патрэбным для Беларусі падкрэсьліць такі супольны характар посту. Пост зьяўляецца ня толькі спробай майго індывідуальнага ўдаскананленьня, але й спробай даць нешта супольнасьці, у якой я жыву. Вось так я лічу”.

(Абламейка: ) “На Вашую думку, ці ўсе вернікі сёньня разумеюць, што пост – гэта не дыета?”

(Крот: ) “Не, гэта канечне ня так. Шмат для каго пост – гэта толькі абмежаваньне ў ежы, і шмат гаворыцца, што гэта карысна ўплывае на здароўе. Таму заданьне сьвятароў розных канфэсіяў – вучыць вернікаў пра сапраўдны сэнс посту і пра гэтыя вось менавіта альтэрнатыўныя формы посту, якія могуць дапамагчы больш глыбока зразумець сэнс посту”.

Як бачым, грэка-каталіцкі іпадыякан Андрэй Крот лічыць, што альтэрнатыўныя формы посту вельмі патрэбныя ў Беларусі, і што нягледзячы на пэўную неабазнанасьць некаторых вернікаў у сутнасьці посту яны могуць у краіне прыжыцца.

Наш карэспандэнт Альгерд Невяроўскі выйшаў на вуліцы Менску з пытаньнем: што такое пост, ці толькі гэта абмежаваньне ў ежы? І атрымаў даволі нечаканыя вынікі апытаньня:

(Спадарыня: ) “Канечне ня ў ежы. У першую чаргу, мне здаецца – ня ў ежы. Гэта менавіта адчуваньне сябе і спроба неяк сябе зьмяніць, палепшыць, выправіць...”

(Хлопец: ) “Нешта іншае. Гэта ў душы павінна быць, вера ў Бога. Таму мы павінны ў душы як бы ўспрымаць гэта ўсё, а ня толькі ў ежы”.

(Спадар: ) “,Думаю што нешта іншае”.

(Спадарыня: ) “Чаму? Гэта трэба і духоўна паводзіць сябе: не сварыцца, ня біцца ні з кім”.

(Іншая спадарыня: ) “Не, я лічу што гэта ня толькі, так бы мовіць, нейкае абмежаваньне сябе ў ежы, гэта духоўнае гэткае ачышчэньне арганізму, думак сваіх, сваіх учынкаў нават”.

(Спадар: ) “Наогул, я ў глыбіні душы веруючы, але пост не трымаю. Галоўнае, каб вера ў чалавека была ў дабро, у справядлівасьць. А посьціш ці ня посьціш – гэта справа кожнага. Абы не было праблемаў між каталікамі й праваслаўнымі, хай бы яны аб’ядналіся”.

(Спадарыня: ) “Гэта духоўны пост, у першую чаргу. Ежа адыграе тут ачышчальную ролю, для фізіялёгіі, а для душы гэта перадусім пост у дачыненьні да сваіх бліжніх: не пакрыўдзіць, ня ўдарыць словам ані справай”.

(Іншая спадарыня: ) “Духоўна, пост гэта ўва ўсім устрыманьне. У пятніцу і ў сераду трэба мець асаблівае ўстрыманьне, ушанаваць памяць аб пакутах Госпада, Ён жа быў за нас закатаваны, і яшчэ духоўна перад богам павінна быць скруха сэрца”.

(Спадарыня: ) “Безумоўна, ня толькі. Трэба ўстрымлівацца ад спажываньня некаторай ежы, а самае галоўнае – не зьядаць адзін аднаго. Гэта і ёсьць сапраўдны пост”.

(Маладая спадарыня: ) “Гэта час для ўсіх паразважаць пра сваю сутнасьць, пра чалавечнасьць, аб сваім жыцьці”.

(Дзяўчына: ) “Я думаю, гэта штосьці іншае, гэта духоўнае”.

(Хлопец: ) “Я думаю што гэта штосьці вышэйшае, ня толькі абмежаваньне ў ежы”.

Як вынікае з матэрыялу Альгерда Невяроўскага, усе апытаныя ім людзі разумеюць, што пост – гэта найперш духоўная ахвяра, а не дыета. З такое абазнанасьці людзей ужо зусім недалёка і да альтэрнатыўных формаў посту.
XS
SM
MD
LG