Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя БНФ вылучыла свайго прэтэндэнта ў адзіныя кандыдаты на выбары''2006


Альгерд Невяроўскі, Менск Сойм партыі БНФ вылучыў прэтэндэнтам у адзіныя кандыдаты на прэзыдэнта ад дэмакратычных сілаў грамадзкага дзеяча, былога намесьніка старшыні Гарадзенскага гарвыканкама Аляксандра Мілінкевіча. Сябры Сойму лічаць, што спадар Мілінкевіч – добры й сумленны чалавек, патрыёт, які мае досьвед дзяржаўнага кіраваньня, а таксама вельмі блізкі па сваіх поглядах да сябраў БНФ. Аляксандар Мілінкевіч запэўніў, што ў яго сур’ёзныя прэзыдэнцкія амбіцыі, і ён гатовы ісьці па гэтым шляху да канца.

За вылучэньне Аляксандра Мілінкевіча Сойм партыі БНФ прагаласаваў аднагалосна. Перад гэтым ягоную кандыдатуру прапанаваў старшыня партыі Вінцук Вячорка. Вось як ён прадставіў прэтэндэнта:

(Вячорка: ) “Чаму варты падтрымкі спадар Мілінкевіч? Ёсьць вельмі важнае спалучэньне досьведу палітычных паводзінаў, асабовых якасьцяў, адукацыі й кваліфікацыі. Спадар Мілінкевіч мае ўнікальнае спалучэньне досьведу дзяржаўнай працы і сапраўды вялікі, пасьпяховы досьвед працы ў дэмакратычных структурах. Я бачу, што Мілінкевіч – дэмакрат паводле глыбокіх перакананьняў і стылю жыцьця. Гэта вельмі важна”.

Сам старшыня партыі БНФ вылучацца ў прэтэндэнты не зьбіраецца, бо, на ягоную думку, адзіным кандыдатам павінен стаць чалавек здольны аб’яднаць вакол сябе ўсе дэмакратычныя сілы.

Аляксандар Мілінкевіч распавёў трохі пра сябе і адказаў на пытаньні сябраў Сойму БНФ. У прыватнасьці, ён сказаў, што мае добрыя кантакты ў розных сацыяльных групах і гатовы, у выпадку патрэбы, узначаліць вулічны супраціў каб дамагчыся справядлівага падліку галасоў.

Пасьля зацьвярджэньня кандыдатуры Мілінкевіча ён сказаў у інтэрвію беларускай Свабодзе:

(Мілінкевіч: ) “Лічу, што мне трэба ісьці, бо я магу аб’яднаць значную колькасьць дэмакратычных сілаў па ўсёй краіне. І сёньня самая галоўная мэта – гэта аб’яднаць усіх, нават тых, хто ўжо зьняверыўся, нават тых, хто ўжо ня верыць у перамогу. І, думаю, я адзін з тых, хто можа аб’яднаць шырокае кола людзей”.

Аляксандру Мілінкевічу 57 гадоў. Ён кандыдат фізыка-матэматычных навук. Выкладаў у Гарадзенскім унівэрсытэце. З 1990 па 1996 год быў намесьнікам старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму. У 2001 годзе ўзначальваў выбарчы штаб кандыдата ў прэзыдэнты Сямёна Домаша. Ён кіраўнік праграмаў “Фонду спрыяньня лякальнаму разьвіцьцю”. Ягоную кандыдатуру таксама падтрымала Партыя зялёных.

Раней прэтэндэнтамі ад апазыцыйных партыяў у адзіныя кандыдаты былі вылучаныя Мікола Статкевіч, Анатоль Лябедзька і Станіслаў Шушкевіч. Пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі таксама заявілі Андрэй Клімаў, Валер Фралоў, Сяргей Скрабец, Пётр Краўчанка, Зянон Пазьняк і Сяргей Гайдукевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG