Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр 52-гадовы кіраўнік прадпрыемства “Брэстгандальбуд”, якое адмовілася падпарадкавацца рашэньню аб ліквідацыі


Алег Супрунюк, Берасьце Рабочыя прадпрыемства “Брэстгандальбуд” пратэстуюць супраць ліквідацыі свайго прадпрыемства. Яны кажуць, што ня будуць падпарадкоўвацца гэтаму загаду і застануцца працаваць.

Рашэньне аб ліквідацыі сваёй берасьцейскай філіі прынятае кіраўніцтвам прадпрыемства “Белгандальбуд”. У адпаведным загадзе гэтыя захады тлумачацца неабходнасьцю арганізацыйнай перабудовы і стратнасьцю філіі.

Берасьцейскія будаўнікі катэгарычна нязгодныя з такой фармулёўкай. Яны цьвердзяць, што страты ў іхнай арганізацыі “Брэстгандальбуд” зьявіліся толькі таму, што абласныя ўлады дагэтуль не разьлічыліся за ўзьведзены стралковы цір. Дарэчы, гэты спартовы аб’ект ужо названы лепшым у краіне, і менавіта тут будзе рыхтавацца да адказных спаборніцтваў нацыянальная зборная каманда Беларусi.

Сапраўднай прычынай ліквідацыі кіраўніцтва “Брэстгандальбуду” называе жаданьне сталічнага начальства атрымаць маёмасьць берасьцейскай філіі і адноўленую на гэтым прадпрыемстве тэхніку. Аднак на агульным сходзе свайго прадпрыемства берасьцейскія будаўнікі вырашылі не падпарадкоўвацца загаду аб ліквідацыі і працягваць працу, бо філія мае заказы ад розных арганізацыяў. Кіраўнік прадпрыемства Аляксандар Абрамаў выказаў салідарнасьць са сваімі падначаленымі.

(Абрамаў: ) “Гэта не вайна, а супрацьстаяньне такое. Я не магу пайсьці супраць калектыву. Набралі каманду, павыганялі алькаголікаў, адрамантавалі тэхнiку. Пайшла праца, пры ўсіх складанасьцях пачалі раскручвацца. Людзі вельмі абураныя. Дайшло да таго, што яны кажуць: перакрыем вароты, арганізуем кругласутачнае дзяжурства і нікога ня пусьцім сюды”.

Гэты камэнтар спадар Абрамаў зрабіў для Радыё Свабода адразу пасьля сходу працоўнага калектыву 11 лютага. А сёньня прыйшло сумнае паведамленьне: у кіраўніка “Брэстгандальбуду” ня вытрымала сэрца і ён раптоўна памёр. Аляксандру Абрамаву было 52 гады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG